«Расея цяпер закладнік настрояў, якія сама стварыла», — Статкевіч пра галадоўку Саўчанкі і магчымасьць яе вызваленьня
Беларускі палітык Мікола Статкевіч ня раз трымаў галадоўкі і верыць, што яны маюць уплыў. Але ў выпадку Саўчанкі ня можа прадказаць, ці дапаможа галадоўка ў судовым працэсе.
Украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку ў абвінавачваюць у РФ у забойстве расейскіх журналістаў пад Луганскам у 2014 годзе. Яна перастала есьці і піць 3 сакавіка — аб’явіла сухую галадоўку, пасьля таго як расейскі судзьдзя ня даў ёй выступіць з апошнім словам. Гэта ўжо ня першая яе галадоўка пасьля арышту летам 2014 году.
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» і кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе Мікола Статкевіч ня раз трымаў галадоўку. Ён апавядае Свабодзе, што галадоўкі могуць быць як «мяккімі», калі асуджаны адмаўляецца ад турэмнай ежы, нарыхтаваўшы сабе сухароў, так і жорсткімі, дужа небясьпечнымі для здароўя:
«Бываюць розныя формы і мэты галадоўкі. Бывае галадоўка пратэсту і засьцярогі, мэта якой — не дапусьціць нейкіх дзеяньняў, дамагчыся вызваленьня. І крайняя форма галадоўкі — якая бывае нават бяз доступу інфармацыі пра яе на волю. Такая галадоўка павінна быць вельмі прынцыповай, бо калі бачаць, што асуджаны пад’ядае нешта, там сокі ці мёд, то значыць, ён не гатовы памерці.
У мяне такія галадоўкі былі. У прыватнасьці, апошняя ў СІЗА КДБ. Я ў той камэры ледзьве не памёр, бо нічога ў ёй не было, каб ведалі, што я не гуляю з гэтым. Мінус такіх галадовак у тым, што хутка пачынаюцца незваротныя зьмены ў арганізьме, таму яна ня вельмі працяглая па часе.
Сухая галадоўка — крайні выпадак такой галадоўкі.
Я быў вымушаны ёй пагражаць, каб не дапусьціць арыштаў маіх калегаў і блізкіх, і сама пагроза вельмі паўплывала.
Ёсьць яшчэ галадоўкі, мэта якой — прыцягнуць увагу. Яна таксама патрабуе шмат высілкаў і мужнасьці, нясе шкоду здароўю, але той, хто галадае, мусіць працягнуць яе па часе. Асабліва калі маюць магчымасьць перадаць інфармацыю пра галадоўку на волю. Дзясяткі дзён, месяц, паўтара, два… Але гэта немагчыма без ужываньня пэўных рэчаў, як шакаляд ці мёд. Гэта ўжо ўзьдзеяньне не на адміністрацыю, а на грамадзкасьць, а такая рэакцыя вымагае больш часу.
Я так разумею, спадарыня Саўчанка спрабавала другі тып галадоўкі, доўгі тэрмін так галадала, але потым перайшла на сухую галадоўку. Ведаю адзін выпадак сухой галадоўкі — яе вёў „на сутках“ кіраўнік „Маладой грамады“ Сяргей Марцалеў. Я таксама сядзеў на Акрэсьціна, мяне выводзілі з камэры да Сяргея, каб я ўгаварыў яго спыніць галадоўку, але ён адмовіўся. Гэта было жахлівае відовішча, увесь у нейкіх язвах быў. Ён галадаў шэсьць дзён, яго ў рэшце рэшт адвезьлі проста ў лякарню, у яго былі сур’ёзныя праблемы — у пэўнай ступені, мабыць, і цяпер у яго наступствы гэтай галадоўкі адчуваюцца».
Ці вызваляць Саўчанку?
Як былы вайсковец, Статкевіч крайне нэгатыўна ставіцца да працэсу над Саўчанкай, але не бярэцца прадказваць вынікі суду:
«Рабіць выгляд суду над ваеннапалоннай, абвінавачваць яе ў нейкіх неверагодных злачынствах праз суд з адвакатам… Гэта нейкае і юрыдычнае, і маральнае вычварэнства. Сказалі б прама, што захапілі ваеннапалонную, патрымалі б, памянялі. А так пачалі судзіць, не зважаючы на лёгіку, на факты.
Хваравітая такая юрыспрудэнцыя — відавочная прыкмета таго, што з усёй расейскай дзяржавай нешта ня так, далёка ня так.
Ня ведаю, выпусьцяць яе ці не, што мне гадаць? Расейскія ўлады і Пуцін у прыватнасьці ў пэўны час пачалі абапірацца на псыхалёгію асаджанай крэпасьці, распальваць антызаходнія настроі, нянавісьць. Яны мусілі на гэта пайсьці, бо пабачылі, што калі не яны, — то зьяўляецца які-небудзь хлопчык з круглымі шчочкамі з добрай сям’і, кшталту Рагозіна, пачынае крычаць гэтыя словы і раптам робіцца лідэрам пэўнай часткі грамадзтва. Яны самі ўзялі гэтую карту на ўзбраеньне, але аказаліся яе закладнікамі.
Столькі казалі па сваёй тэлевізіі пра ўкраінскіх „фашыстаў“, пра „злачынствы“ той жа Саўчанкі — як цяпер з гэтай сытуацыі ім выйсьці? Яны б хацелі мо гэтую сытуацыю неяк вырашыць, але як яны будуць выглядаць у вачох расейскага грамадзтва? Калі тут пачнуць адступаць, раптам знойдзецца нехта ўжо ня з круглымі шчочкамі, а з рукамі ў крыві, пачне крычаць тыя самыя лёзунгі і абвінавачваць іх у здрадзе? Яны цяпер закладнікі гэтых настрояў, якія самі і твораць».