Навіны

«Размова Жбанкова»: што не так у беларусаў з рэлігіяй?

Чаму святары не моляцца за палітвязняў і калі беларусы страцілі магчымасць стварыць нацыянальную царкву? – разважае прафесар Юрый Хадыка.

Найперш спадар Хадыка звярнуў увагу на тое, што Беларуская праваслаўная царква падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, хоць царкоўныя іерархіі ў іншых постсавецкіх дзяржавах імкнуліся трапіць пад скіпетр Канстанцінопальскага патрыярхату, які не мяшаецца ў справы нацыянальных цэркваў. Гэтак, напрыклад, зрабілі ва Украіне. Такі ж шлях маглі абраць і ў Беларусі.

Глядзець відэа Глядзець відэа

Аднак тут зусім іншая сітуацыя. Юрый Хадыка ўзгадвае недарэчны момант: некалі патрыярх Алексій узнагароджваў мітрапаліта Філарэта, апошні пры гэтым сказаў: “Служу Расеі!”. Гэтак і адбываецца насамрэч: Расейская праваслаўная царква безупынна мяшаецца ў нацыянальныя справы Беларусі.

Яскравы прыклад: заняткі рэлігіі пад патранатам РПЦ. Прафесар Хадыка лічыць праваслаўныя факультатывы парушэннем канстытуцыі, бо Беларусь – краіна шматканфесійная.

Яшчэ адна праблема, якую закрануў вядоўца праграмы Максім Жбанкоў, – стаўленне беларускіх святароў да палітвязняў. Юрый Хадыка ўзгадаў, як сам сядзеў у ізалятары КДБ на вул. Валадарскага ў Менску і яго наведаў грэка-каталіцкі святар. Той акт падтрымання ён памятае і вельмі цэніць. 

Тым часам экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча, які дагэтуль застаецца ў турме, не наведаў ніводзін праваслаўны або каталіцкі святар, падкрэслівае Юрый Хадыка: “Два гады сядзіць Статкевіч, сядзеў год Саннікаў – хаця б адзін [святар] у казанні сказаў: давайце памолімся за тых, хто сядзіць за абарону нашых інтарэсаў. Толькі адзін раз нешта падобнае сказаў метрапаліт Кандрусевіч”.

belsat.eu