Актуальна

Рэферэндуму пакуль не будзе. Статкевіч: «Мы перамаглі без бойкі»

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пакуль у Беларусі не будзе зменаў у Канстытуцыю, рэферэндум не будзе праводзіцца.

Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч раней заяўляўпра тое, што падчас сённяшняга выступу Лукашэнкі з пасланнем да народу і парламенту можа быць абвешчаны рэферэндум.

«БНК папярэджваў, што мы падымем людзей, калі будзе прынятае рашэнне аб рэферэндуме, калі Лукашэнка пойдзе на такую авантуру. Я вельмі ўсцешаны, што папярэджанне БНК, скіраванае персанальна Лукашэнку, спрацавала. Таксама я ўдзячны армянскаму народу, гэта важны фактар, што ўчора там перамагла апазіцыя. Армяне паказалі, што можа быць, і гэта прымусіла яго адмовіцца ад уласных планаў, пра якія абвяшчалі ягоныя чыноўнікі. Улады даўно пачалі намацваць глебу, Макей казаў пра рэферэндум нават у інтэрв’ю Euronews… Але сёння мы, лічыце, перамаглі без бойкі».

***

Інфармацыя пра рэферэндум па зменах у Канстытуцыю неаднаразова з’яўлялася ў СМІ за апошні месяц. Пра яго казала і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, і міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Паводле слоў Ярмошынай, падрыхтоўка можа заняць усяго 70 дзён і праведзены ён будзе «на пазабюджэтныя сродкі». У сваю чаргу, у інтэрвʼю тэлеканалу Euronews кіраўнік беларускага МЗС пацвердзіў, што ўлады задумваюцца над магчымым змяненнем Канстытуцыі. Канкрэтныя пытанні, якія будуць вынесеныя на галасаванне, пакуль не паведамляюцца.

Вядома, што яшчэ ў 2016 годзе партыя ЛДП прапанавала правесці рэферэндум аб падаўжэнні тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў – з 5 да 7 гадоў.

КА, belsat.eu