Навіны

Рэжысэр Вольга Мікалайчык: Амапаўцы крычалі, што служаць Расеі і бароняць «рускі сьвет» (ВІДЭА)

Зь менскага ізалятара на Акрэсьціна выйшла вядомая грамадзкая актывістка, рэжысэр дакумэнтальных фільмаў Вольга Мікалайчык, якой суд прысудзіў 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра акалічнасьці затрыманьня, суду і адбыцьця пакараньня Вольга Мікалайчык распавяла карэспандэнту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу.

Вольгу Мікалайчык затрымалі ў чацьвер 22 студзеня каля помніка Тарасу Шаўчэнку. Актывістка толькі прыехала з Гомеля, з памінальнай вечарыны на гадавіну сьмерціМіхася Жызьнеўскага — беларуса, які адным зь першых загінуў на Майдане. Яна была на абцасах, са значком «Пагоня» і блакітна-жоўтай стужкай на кофтачцы. Так яе і затрымалі менскія амапаўцы, а зь ёю яшчэ пяцёх актывістаў. З аповеду пра тое, як паводзілі сябе міліцыянты ў аўтобусе, калі везьлі актывістаў у Цэнтральны РУУС, пачалася наша размова з Вольгай Мікалайчык. Яна згадала, як на яе вачах міліцыянты білі кулакамі ў твар актывіста Мікалая Коласа, як дасталося прадпрымальніку Алесю Макаеву за просьбу да міліцыянтаў дазволіць сесьці затрыманай пэнсіянэрцы Ніне Багінскай. Але больш за ўсё Вольгу Мікалайчык уразілі крыкі амапаўцаў пра тое, што яны ня проста выконваюць сваю працу, а бароняць «рускі сьвет»:

«Амапавец пачаў крычаць, што яны рускія людзі, што яны бароняць рускі сьвет і нас, бандэраўцаў, зараз завязуць куды трэба і закапаюць.

А на наступны дзень гэты амапавец быў сьведкам на маім судзе. І іх камандзір таксама быў за сьведку. Калі першы зайшоў у залю, то судзьдзя Шабуня дазволіла мне задаць яму пытаньне. Я спыталася, якой краіне ён даваў прысягу? Адказвае — Беларусі. Пытаюся, а чаму ўчора ў аўтобусе вы крычалі, што вы рускі афіцэр, што служыце Расеі і нам усім „устроіце“ — закапаеце нас. І сапраўды „ўстроілі“, калі ўчынілі зьдзек і катаваньні. Вы ж давалі прысягу, а з вашых дзеяньняў бачна, што вы здрадзілі Бацькаўшчыне. Чаму? Ён не знайшоў, што адказаць, але ўвесь зьзелянеў.

Потым зайшоў другі, ягоны камандзір. Сьведчыць, што мы трымалі бел-чырвона-белы сьцяг, крычалі „Жыве Беларусь!“ і „Слава Ўкраіне — Героям слава!“ — нібыта гэта злачынства. Зноў пытаюся, а ці ведае ён, што бел-чырвона-белы сьцяг не забаронены і гэтыя воклічы не забароненыя, а Лукашэнка і Парашэнка езьдзяць адзін да аднаго на сустрэчы і сябруюць. Той таксама збляднеў і мусіў сказаць, што не казаў нічога пра забарону гэтага сьцяга і воклічаў».

Рэжысэр Вольга Мікалайчык ня толькі здымае дакумэнтальныя фільмы, героямі якіх, як правіла, робяцца палітычныя актывісты і палітвязьні. Ужо некалькі гадоў запар яна вядзе актыўнае грамадзкае жыцьцё, у тым ліку ладзіць акцыі салідарнасьці з пацярпелымі палітычнымі актывістамі. З 2014 году Вольга Мікалайчык шмат часу і сілаў аддае справе салідарнасьці з Украінай. За акцыі ў падтрымку Майдана яе некалькі разоў затрымлівалі беларускія міліцыянты. Раней суд прысуджваў ёй грашовыя штрафы, а гэтым разам упершыню пакаралі суткамі.

Партрэты зьніклых палітыкаў на падворку Вольгі Мікалайчык

Партрэты зьніклых палітыкаў на падворку Вольгі Мікалайчык

Пра турму на Акрэсьціна ў Вольгі Мікалайчык вельмі змрочныя ўспаміны. Паводле яе, у камэры быў толькі адзін плюс — даволі цёпла, але што да ўсяго іншага — толькі мінусы. Прыкладам, не было халоднай вады, і таму не працаваў змыў унітаза. У ізалятарах за сядзельцамі, у тым ліку жанчынамі, кругласутачнае відэаназіраньне, так што акты гігіены яны мусяць рабіць фактычна як бы на публіцы. Посуд і лыжкі даюць брудныя, а на заўвагі рэагуюць зьнявагамі.

Сувэніры з Украіны ў Вользінай хаце

Сувэніры з Украіны ў Вользінай хаце 

Цяжкім уражаньнем для Вольгі Мікалайчык было і знаёмства з жанчынамі, якія сядзелі разам зь ёй на Акрэсьціна. Збольшага яны былі з тых, хто ўжывае алькаголь і наркотыкі, бамжуе і вядзе антысацыяльны лад жыцьця. Багата сярод сукамэрніц было жанчын маладога веку — іх будучыня Вользе падаецца вельмі змрочнай.

Зьдзівіла і стаўленьне да іх пэрсаналу ізалятара — як да жывёл. Вольга згадала, што ў адной з жанчын была параненая рука, але дапамогі ёй не аказвалі і нават лекарка пагражала «зусім адрэзаць руку», калі яна будзе далей скардзіцца. Іншая сукамэрніца Вольгі, жанчына зь немалым турэмным досьведам, казала, што «Акрэсьціна — горш за любую калёнію ці турму».

Вольга Мікалайчык

Вольга Мікалайчык

Сама Вольга Мікалайчык зрабіла са свайго арышту такія высновы:

«Для сябе я зрабіла выснову, што тую справу, якую я рабіла — гэта дапамога і беларускім палітвязьням, і Ўкраіне — гэта я буду рабіць яшчэ больш апантана. Бо тое, што я пабачыла, трэба тэрмінова мяняць. Калі мы гэтага ня зробім, у нас ня будзе будучыні. І нашы дзеці ня выжывуць у такой краіне, іх проста будуць зьнішчаць. Трэба, каб працавалі законы, а яны ў нас не працуюць. І людзі нашы затурканыя, ператварыліся ў запалоханае быдла. Трэба адраджаць у людзях годнасьць, нацыянальную сьвядомасьць. Калі мы гэтага ня зробім, то гэты „рускі сьвет“ нас паглыне — мы і так на мяжы».

На гэтай пліце Вольга варыла чан з баршчом, калі праводзілі дзень салідарнасьці з Украінай

На гэтай пліце Вольга варыла чан з баршчом, калі праводзілі дзень салідарнасьці з Украінай

Учора Вольгу Мікалайчык павінны былі вызваліць а 21:45. Але за некалькі гадзін да вызваленьня вывезьлі з Акрэсьціна зноў у Цэнтральны РУУС і трымалі за кратамі. Там рэжысэрка ўбачыла яшчэ адну сцэну з жыцьця, як кажа, вартую расповеду. Пры ёй міліцыянт браў адбіткі пальцаў у двух затрыманых грамадзянаў Расеі. Размову паміж імі Вольга Мікалайчык пачула і пераказала карэспандэнту Свабоды:

«Яны зьдзіўляюцца: а што, у вас тут не электронным спосабам бяруць адбіткі пальцаў? У нас у Расеі даўно электронным спосабам гэта робяць. І дадаюць міліцыянту: „Ну, ладна, і тут хутка будзе Расея. Ты ж ведаеш, мы хутка гэта робім“. Але міліцыянт, калі „адкочваў“ ім пальчыкі, жорстка паправіў: „Тут вам не Расея, тут — Беларусь“. І мне гэта спадабалася».

Вольга Мікалайчык

Вольга Мікалайчык 

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода