Рональд Пафала: Пытанне палітзняволеных застаецца болевай кропкай ва ўзаемаадносінах ЕС з афіцыйным Мінскам
Пытанне палітвязняў застаецца асноўным ва ўзаемаадносінах Еўрапейскага саюза з уладамі Беларусі. Гэта засведчыў кіраўнік ведамства федэральнага канцлера ФРГ Рональд Пофала на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў вечарам 7 чэрвеня ў Вільні.
Аб прыярытэтнасці гэтага пытання для германскай палітыкі Рональд Пофала заявіў адразу ж пасля пачатку сустрэчы. І яшчэ раз падкрэсліў тым, што папрасіў адкрыць сустрэчу жонку зняволенага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Мікалая Статкевіча Марыну Адамовіч.
Для мяне відавочна, што нельга весці дыялог з тым, хто не выконвае абяцанняў. Наша пазіцыя не зменіцца – ніякага супрацоўніцтва, пакуль не вызваленыя палітвязні. – падкрэсліў Рональд Пофала.
«Пофала падкрэсліў, што пытанне палітвязняў застаецца балючай кропкай ва ўзаемаадносінах Еўрапейскага звяза і афіцыйнага Менска», – сказаў адзін з удзельнікаў сустрэчы – Анатоль Лябедзька.
Марына Адамовіч гаварыла аб сітуацыі вакол палітвязняў, якая пагаршаецца; аб тым, што нельга спадзявацца на амністыю і змяньшаць увагу да сітуацыі ў Беларусі; аб неабходнасці выкарыстання любых мірных сродкаў з боку міжнароднай супольнасці дзеля ўздзеяння на беларускі рэжым. Яна падзякавала нямецкаму ўраду за намаганні па вызваленню палітвязняў і за іх пазіцыю на міжнароднай арэне.
Спадар Пафала запэўніў прысутных, што гэта пазіцыя не зменіцца і прасіў перадаць Мікалаю Статкевічу словы падтрымкі ад ўрада сваёй краіны.
Рональд Пафала гаварыў таксама аб смяротным пакаранні ў Беларусі і аб сваіх безпаспяховых спробах умяшацца ў сітуацыю з нядаўнім выкананнем прысуду Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.
Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера лічыць, што за гады знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе сітуацыя ў Беларусі ніколі не была такой складанай і цяжкай. «Ён падкрэсліў, што не варта спадзявацца на цуды і нейкія хуткія перамены», – сказаў лідар АГП.
Сам Лябедзька, па ягоных словах, у ходзе сустрэчы «зрабіў акцэнт на тым, што стратэгіяй Еўразвяза акрамя пытання палітвязняў могуць і павінныя стаць сумленныя і вольныя выбары па еўрапейскіх стандартах». «Гэта можа быць выхадам з тупіку, – заявіў кіраўнік Аб\’яднанай грамадзянскай партыі. – Будуць вольныя выбары ў Беларусі – будуць перамены».
Акрамя гэтага, пад час сустрэчы ішла гаворка аб новай ініцыятыве ЕЗ – «Еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі». Гэтая ініцыятыва прызначана, перш за ўсё, для дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй Беларусі, каб весці размову пра будучыню краіны. «Было б смешна казаць пра будучыню з аўтарытарным рэжымам», — падкрэсліў нямецкі палітык.
Уладзімір Кобец гаварыў аб “лукашэнізацыі” рэгіёну – Расіі і Украіны, выказаў прапанову аб адмене Еўразвязам візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі.
«Неабходна развязаць гэтае пытанне з пытаннем рэадмісіі і не чакаць сустрэчных крокаў з боку рэжыму. Адмяніць візы можна ў аднабаковым парадку. Мы жывем у 21 стагоддзі і няма нічога немагчымага», – сказаў Кобец.
На завяршэнне сустрэчы Рональд Пофала яшчэ раз заверыў прысутных, што сітуацыя ў Беларусі і надалей будзе заставацца аднім з прыярытэтаў знешней палітыкі Германіі.
8 чэрвеня ў Вільні на сустрэчы са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі таксама заявіў, што не збіраецца прыязджаць у Менск, пакуль не вызваляць палітвязняў.
«Я вельмі люблю Беларусь, але не буду наведваць Менск, пакуль не будзе вызвалены апошні палітвязень», – заявіў Рональд Пофала.
У сваім выступе Пофала таксама закрануў праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.
«Некалькі месяцаў таму мы перажылі 2 смяротныя пакаранні, якія адбыліся, нягледзячы на тое, што назіральнікі паведамлялі: працэс па гэтай справе не адказваў прынцыпам прававой дзяржавы. Я не хачу вылучаць тэзіс аб магчымай невінаватасці злачынцаў, але я хачу толькі сказаць, што ў прававых дзяржавах падобныя працэсы доўжацца месяцамі, праводзяцца шматлікія экспертызы і, самае галоўнае, дзейнічае прынцып, згодна з якім любыя сумневы тлумачацца на карысць абвінавачаных», – сказаў нямецкі палітык .
Пофала падкрэсліў, што ўсе гэтыя прынцыпы не былі выкананыя ў судзе над Канавалавым і Кавалёвым, абвінавачанымі ў тэрарызме і пакараны смерцю праз тры з паловай месяцы пасля вынясення прысуду.
Адзначыўшы, што Еўразвяз папракаюць у павольным прыняцці рашэння па пытанні санкцый у дачыненні да Беларусі, Пофала заявіў: «Я прытрымліваюся пункту гледжання, што з санкцыямі трэба быць асцярожнымі, каб яны не нашкодзілі беларускаму народу».