Рыгор Кастусёў папросіць ААН абараніць ягоныя правы
Вярхоўны суд адмовіў Рыгору Кастусёву ў задавальненні нагляднай скаргі. Цяпер палітык будзе шукаць праўду ў ААН.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 23 ліпеня атрымаў адказ з Вярхоўнага суда РБ на сваю скаргу, у якой палітык прасіў старшыню Вярхоўнага суда скасаваць пастанову суда Шклоўскага раёна аб пакаранні яго штрафам за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы і пастанову суддзі Магілёўскага абласнога суда Мікалая Гладкага, піша ПЦ “Вясна”.
Таксама Рыгор Кастусёў звяртаўся з просьбай у Вярхоўны суд вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас суддзяў Святланы Баранцавай, Мікалая Гладкага і Ігара Прошкі за дапушчаныя відавочныя парушэнні заканадаўства.
Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Р. Аніскевіч у сваім адказе аб разглядзе скаргі напісаў Кастусёву, што “вашы довады аб адсутнасці ў вашых дзеяннях складу інкрымінаванага адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама аб парушэнні вашага права на свабоду мітынгаў, шэсцяў і выказвання меркаванняў з\’яўляюцца недастатковымі.
Абставіны здзейсненага вамі адміністрацыйнага правапарушэння даследаваныя з дастатковай паўнатой, усім сабраным доказам, у тым ліку і вашым тлумачэнням, дадзеная належная ацэнка.
Парушэнняў нормаў працэсуальнага права, што цягнуць скасаванне судовых пастаноў, не дапушчана.
Падстаў для скасавання пастановы, пра што вы ставіце пытанне ў скарзе, няма”.
Рыгор Кастусёў кажа, што ён ні ў якім разе не можа пагадзіцца з высновамі намесніка старшыні Вярхоўнага суда, бо мяркуе, што, удзельнічаючы ў шанаванні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы, ён ніякім чынам не парушаў заканадаўства. Са слоў палітыка, ён безвынікова прайшоў усе судовыя інстанцыі ў нашай краіне з надзеяй дамагчыся скасавання, несправядлівай, на ягоную думку, пастановы суда Шклоўскага раёна аб пакаранні яго штрафам у суме 25 базавых адзінак за гэта “правапарушэнне”, і цяпер будзе рыхтаваць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН.
Намеснік старшыні Партыі БНФ мяркуе, што суддзямі Баранцавай, Гладкім і Прошкам былі груба парушаныя ягоныя правы, прадугледжаныя арт.33, 34, 35 Канстытуцыі РБ і арт.19, 21 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Нагадаем, што 23 снежня 2014 судздзя Шклоўскага раёна Святлана Баранцава пакарала штрафам у суме 25 базавых адзінак (тры мільёны сямсот пяцьдзясят тысяч рублёў) намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва за ўдзел у святкаванні Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014.
3 лютага 2015 г суддзя Магілёўскага аблсуда Мікалай Гладкі адмовіў Рыгору Кастусёву ў задавальненні касацыйнай скаргі. 17 красавіка 2015 Рыгор Кастусёў атрымаў адказ на сваю наглядную скаргу на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прошкі, у якім той паведаміў палітыку, што “Адміністрацыйнае спагнанне накладзенае з улікам характару здзейсненага правапарушэння, усіх абставінаў і звестак, якія характарызуюць вас як асобу” . Старшыня Магілёўскага абласнога суда Ігар Прошка не знайшоў падстаў для скасавання пастановы суда Шклоўскага раёна аб пакаранні штрафам Рыгора Кастусёва, а таксама пастановы суддзі Магілёўскага абласнога суда Мікалая Гладкага, які пакінуў гэтую пастанову без змен.
У Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года адбылося традыцыйнае ўшанаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзел у якім узялі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічаў і Рыгор Кастусёў.
Увесь час на мерапрыемстве ад могілак у Свіслачы да заканчэння мерапрыемства ў Якушоўцы прысутнічалі людзі ў цывільным, міліцэйскі аператар усё фіксаваў на камеру. Цэлы шэраг удзельнікаў святкавання Дня памяці ў Свіслачы былі пакараныя вялікімі штрафамі.