Навіны

Саміт краінаў “Усходняга партнёрства” ў Вільні. Дзень другі

На саміце “Усходняга партнёрства” ў Вільні прысутнічала 14 прэзідэнтаў і 19 прэм’ер-міністраў краін-сяброў Еўразвязу і краін-партнёраў. Беларусь прадстаўляў міністар замежных спраў Уладзімір Макей.

У Беларусі няма палітвязняў. Тыя вязні, якія сядзяць у турме, пакараныя за канкрэтныя злачынствы. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей падчас саміта “Усходняга партнёрства” ў Вільні:

– Наконт вызвалення палітвязняў, гэта пытанне не да Міністрэства замежных спраў, гэта пытанне да тых структур, якія прымалі адпаведнае рашэнне. У нас суды незалежныя, звяртайцеся да іх. Але я ўпэўнены, калі б гэтыя вязні напісалі адпаведныя лісты аб памілаванні, то гэтыя лісты былі б разгледжаны і магчыма было б прынятае пазітыўнае рашэнне.

У беларускіх турмах па палітычных матывах знаходзяцца больш 10 чалавек. Іхняе вызвалення з’яўляецца галоўным патрабаваннем Еўропы для нармалізацыі двухбаковых стасункаў.

* * *

Як паведамілі па выніках Віленскага саміту прэзідэнт Еўразвязу Герман Ван Рампей і кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, Беларусь пагадзілася на раней прапанаваныя Еўразвязам перамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму.

Такая заява прагучала на саміце з вуснаў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея:

– Беларусь гатовая пачаць перамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму і па рэадмісіі. Мы зыходзілі з таго, што гэта выгадна грамадзянам нашай краіны. Кіраўнік дзяржавы, даючы адпаведныя ўказанні, зыходзіў з таго, што гэта пойдзе на карысць канкрэтнаму чалавеку і ўсім грамадзянам краіны.

Падобнае пагадненне сёння падпісаў Азербайджан. Яно прадугледжвае значнае аблягчэнне працэдуры афармлення дакументаў на атрыманне шэнгенскіх віз.

* * *

Лідары 28 краінаў Еўразвязу і 6 краінаў-удзельніц «Усходняга партнёрства» сабраліся ў Вільні на трэці саміт. Толькі Беларусь прадстаўленая на ўзроўні міністра замежных спраў.

Беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка ўваходзіць у «чорны спіс» чыноўнікаў, якім забаронена выдаваць еўрапейскія візы. Незадоўга да саміту санкцыі Еўразвязу былі знятыя з міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, які і ўзначальвае афіцыйную беларускую дэлегацыю на саміце ў Вільні.

Па выніках слуханняў па сітуацыі ў Беларусі, якія прайшлі з ініцыятывы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Сойме Літвы, быў прыняты супольны зварот да ўладаў Беларусі з патрабаваннем вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў і правесці расследванне спраў зніклых палітыкаў, а таксама да Еўрапейскага Звяза з заклікам дамагацца выканання афіцыйным Менскам гэтых патрабаванняў. Гаворыць адказны сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі

– У гэтым звароце ёсць галоўнае абазначэнне таго, што Беларусь – гэта еўрапейская краіна. І наш выбар – рухацца ў бок еўрапейскай інтэграцыі. Разгляд перспектывы падпісання пагаднення з Еўрапейскім Звязам – гэта наша стратэгічная задача. Але адначасна галоўнай перадумовай пачатку гэтага працэсу мы бачым вызваленне і рэабілітацыю ўсіх палітычных вязняў. І заклікаем усе палітычныя сілы Беларусі, а таксама еўрапейскіх палітыкаў, падпісаць гэтую заяву.

Зварот адкрыты да падпісання і ў час мерапрыемстваў саміту “Усходняга партнёрства” ў Вільні. Па выніках слуханняў плануецца правесці парламенцкія дэбаты ў Сойме Літвы і ў парламентах іншых еўрапейскіх краін.

* * *

На саміце «Усходняга Партнёрства» ў Вільні прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не падпісаў дамову пра асацыяцыю з ЕЗ. Тым часам у самой Украіне рыхтуюцца да маштабных акцыяў пратэсту. На вуліцы збіраюцца выйсці не толькі прыхільнікі еўраінтэграцыі, але і яе супраціўнікі. За падрыхтоўкай да мітынгаў у Кіеве сочыць наша карэспандэнка Вольга Чарных:

– Калі ўчора на вуліцах панавалі ўзнёсласць і надзея, то сёння яны змяніліся адчаем і безнадзейнасцю. Людзі выходзяць на вуліцы, каб выказать свой пратэст з нагоды непадпісання дамовы пра асацыяцыю з Еўразвязам. Але на вуліцу выходзяць і супраціўнікі еўраінтэграцыі. Мы ведаем, што каля плошчы Незалежнасці ў Кіеве збіраюцца прыхільнікі «Партыі рэгіёнаў», якія выходзяць на вуліцы з плакатамі і транспарантамі і збіраюцца на масавыя акцыі пратэсту. Цэнтр горада паступова перакрываюць. Людзей падыходзіць усё больш і больш. Арганізатары Еўрамайдану заклікаюць прыходзіць на 19-ю гадзіну і стаяць да той пары, пакуль не будзе прынятае нейкае рашэнне. Але ёсць папярэдняя інфармацыя, што арганізатары прапанавалі разыйсціся 1-га снежня і сабрацца на Майдане ў студзені 2014 года. 

* * *

У Вільні працягваецца трэці саміт «Усходняга партнёрства» Еўразвязу. Сёння парафуюцца дамовы пра асацыяцыю ЕЗ з Малдовай і Грузіяй. Украіна не падпіша дамову пра асацыяцыю з ЕЗ. Больш падрабязна пра гэта з Вільні перадае наш карэспандэнт Аляксандр Ярашэвіч:

– Кіраўнікі Еўразвяза не здолелі пераканаць Віктара Януковіча падпісаць дамову пра асацыяцыю. Але дзве былыя савецкія рэспублікі сталі на крок бліжэй да Еўропы. У прыватнасці, Грузія і Малдова парафіравалі пагадненне пра асацыяцыю і свабодны гандаль з Еўразвязам. Апрача таго, у час саміту падпісана пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму паміж ЕЗ і Азербайджанам. Рамкавае пагадненне пра ўдзел Грузіі ў місіях ЕЗ па кіраванні крызісам. Таксама парафіравана пагадненне пра адзіную паветраную прастору з Украінай. 

Кіраўнікамі Еўразвяза падкрэслена, што прапанова ўступіць у асацыяцыю для Украіны застаецца ў сіле.

* * *

Федэральны канцлер Нямеччыны Ангела Меркель не спадзяецца, што Украіна падпіша дамову пра асацыяцыю з Еўразвязам. Пра гэта яна заявіла ў час саміту “Усходняга партнёрства”. 

– Саміт падрыхтаваны на высокім узроўні. На жаль, не ўсе чаканні спраўдзіліся. Еўразвяз гатовы прыняць Украіну ў якасці асацыяванага сябра і падпісаць дамову. Канешне, я не маю спадзеву, што гэта здарыцца цяпер, але дзверы для Украіны застаюцца адкрытымі.

На мінулым тыдні ўкраінскі ўрад прыпыніў працэс еўраінтэграцыі, баючыся сапсаваць стасункі з Расеяй. Нягледзячы на гэта, прапанова падпісаць асацыятыўныя пагадненні з Еўразвязам застаецца адкрытай да скачэння саміту. 

* * *

У Вільні адбываецца трэці саміт «Усходняга Партнёрства» Еўразвязу. Першая сустрэча прэзідэнтаў адбылася ў нядаўна адноўленым палацы Вялікага князя ў Вільні. Асноўныя перамовы чакаюцца сёння. Беларусь на іх будзе прадстаўляць Міністар замежных справаў Уладзімер Макей

Напярэдадні саміту галоўным гульцом ва усходнім партнёрстве была Украіна. Украінскае пытанне не паўплывае на беларуска-еўрапейскія стасункі. Такога меркавання прытрымліваецца кіраўнік Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

– На гэтым саміце, натуральна, для Беларусі нічога вырашана не будзе. Адзінае, што беларускае тэма будзе ў парадку дня. Будзе абмяркоўвацца і сітуацыя з правамі чалавека, будзе магчымасць наладжвання ўзаемных кантактаў, але чакаць нейкіх рашэнняў па Беларусі тут не даводзіцца,  

На думку Андрэя Ягорава, адносіны афіцыйнага Менску і ЕЗ застануцца на тым жа ўзроўні.