Навіны

Саміт Усходняга Партнэрства: ЭЗ не саступае, Менск крыўдзіцца

У Брусэлі завяршыўся саміт міністраў замежных спраў Эўразьвязу і краін-удзельніц Усходняга Партнэрства.

На парадку дня саміту было абмеркаваньне прамежкавых вынікаў працы Ўсходняга Партнэрства, пэрспэктываў яго разьвіцьця, а таксама прынятай Эўразьвязам у траўні сёлета «дарожнай мапы» Ўсходняга Партнэрства на 2012-2013 гады.

У праграме ЭЗ Усходняе партнэрства апрача Беларусі ўдзельнічаюць Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Малдова і Ўкраіна. Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, камэнтуючы агульныя вынікі праграмы для ЭЗ, выказаў станоўчую ацэнку.

«Гледзячы на факты, выглядае зусім нядрэнна. Мы ўжо завяршылі, або дасягнулі значнага прагрэсу ў перамовах аб глыбокім і ўсеабдымным пагадненьні аб свабодным гандлі з чатырма з шасьці нашых усходніх партнэраў», – канстатаваў Сікорскі.

Беларусь — галоўная тэма

Аднак, як паведамляе брусэльскі карэспандэнт нашага радыё Рыкард Юзьвяк галоўнай тэмай саміту стала сытуацыя ў Беларусі. Раней у гэтым месяцы Эўрапарлямэнт заклікаў міністраў замежных спраў краін ЭЗ абмеркаваць на сёньняшняй сустрэчы Ўсходняга Партнэрства пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку крымінальны перасьлед Андрэя Пачобута.

Па выніках дыскусіі эўрапейскія палітыкі чарговы раз нагадалі, што ўмовай актыўнага ўдзелу Беларусі ў праграмах ЭЗ па-ранейшаму застаецца выкананьне патрабаваньняў, датычных правоў чалавека.

Спэцыяльна для нашага радыё гэтую пазыцыю пракамэнтаваў міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більдт.

РС: Што вы сказалі спадару Мартынаву на сёньняшняй сустрэчы?

Більт: Мы заявілі пра сваёю пазыцыю па Беларусі, якая добра вядомая: палітвязьні мусяць быць вызваленыя, дзьверы для далейшага супрацоўніцтва з Эўразьвязам адчыненыя. Але ад часу прэзыдэнцкіх выбараў, ад таго страшнага сьнежаньскага вечара сытуацыя застаецца даволі складаная. Мы спадзяемся на вызваленьне палітвязьняў — гэта ўмова для руху наперад.

РС: І што вам адказаў спадар Мартынаў?

Більт: Як і можна было чакаць, яго адказ быў даволі ўхілісты, але мы вельмі прамалінейна гаварылі пра гэта, прынамсі некаторыя з нас, але пры падтрымцы ўсіх астатніх, бо гэта, вядома ж, быў скаардынаваны мэсыдж.

РС: І як цяпер будзе адбывацца палітычны ціск на Беларусь?

Більт: Спытайцеся ў яго (Мартынава — РС), бо ён дакладна ведае, што для гэтага трэба, яны дакладна ведаюць, што трэба — ён ці хто там у Менску ажыцьцяўляе вышэйшае кіраўніцтва. У Эўропе ня можа быць палітычных зьняволеных.

Менск хоча больш дэмакратычнасьці

Прысутны на саміце міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў станоўча ацаніў тэхнічную дыскусію аб супрацоўніцтве ў рамках Усходняга партнэрства, але з прыкрасьцю адзначыў палітычныя патрабаваньні ЭЗ, якія не дазваляюць Менску ўзяць удзел у згаданых праграмах.

«Гэта была карысная сустрэча, але нам трэба больш адкрытых дыскусіяў і менш самазаспакаеньня і самазадаволеных заўвагаў. Бо Ўсходняе Партнэрства — гэта вельмі важная праграма, але нам трэба, каб яна была дзейснай і сапраўды дэмакратычнай», — заявіў Мартынаў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі.

ЭЗ: Беларусі важна ведаць аб выгадах, якія яна губляе

Вярхоўная прадстаўніца ЭЗ Кэтрын Эштан, падсумоўваючы вынікі саміту, падкрэсьліла, што ўдзел прадстаўніка беларускіх уладаў на сустрэчы быў выкарыстаны для таго, каб чарговы раз перадаць афіцыйнаму Менску патрабаваньні ЭЗ вызваліць і рэабілітаваць палітвязьняў.

«Прысутнасьць міністра замежных спраў Беларусі дазволіла нам перадаць нашу глыбокую занепакоенасьць адносна адсутнасьці павагі да правоў чалавека, вяршэнства закону і незалежных СМІ ў Беларусі. Мы падкрэсьлілі важнасьць неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных, спыненьня дзейнай рэпрэсіўнай палітыкі і свабодных і справядлівых парлямэнцкіх выбараў у верасьні. Наш пасыл да Беларусі ясны.

Палітычным вязьням няма месца ў сэрцы Эўропы. Няма месца!», канстатавала Высокая прадстаўніца.

Яна дадала, што нават цяперашні неактыўны ўдзел Беларусі ва Ўсходнім Партнэрстве — карысны, бо адкрывае для краіны магчымасьці эўрапейскага супрацоўніцтва. Пры гэтым яна пацьвердзіла, што гэтае супрацоўніцтва магчымае толькі пасьля выкананьня Менскам патрабаваньняў у галіне правоў чалавека.

«Адначасова мы застаемся прывязанымі да палітыкі крытычнага залучэньня Беларусі. І Ўсходняе Партнэрства ўяўляе сабой важную плятформу для таго, каб Беларусь магла адкрываць для сябе каштоўнасьці і выгады ад эўрапейскага супрацоўніцтва. Дзеля народу Беларусі мы гатовыя паглыбляць супрацоўніцтва пасьля таго, як палітычная сытуацыя зьменіцца», — падсумавала кіраўніца замежнапалітычнага ведамства.

Радыё Свабода