Палітыка

Саньнікаў: дыктатарскі рэжым у Беларусі — гэта тое, што трэба Крамлю

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў узяў удзел у Сэдонскім форуме, які штогод праводзіць інстытут сэнатара Джона Маккейна.

Як паведамляе «Хартыя-97», на форуме Саньнікаў адзначыў, што Захаду ў свой час «не хапіла палітычнай волі, каб абвясьціць Лукашэнку нелегітымным дыктатарам і падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі».

«Сёньня на фоне трагічных падзей ва Ўкраіне мы бачым і зусім дзіўныя рэчы. З дыктатара спрабуюць рабіць „пасярэдніка“ і „міратворца“. Эўрапейскія лідэры і высокапастаўленыя чыноўнікі ЭЗ зачасьцілі ў Менск, і ў ходзе сваіх візытаў чамусьці „саромеюцца“ падымаць пытаньне пра палітычныя рэпрэсіі і палітвязьняў. Адчуваючы сваю беспакаранасьць, Лукашэнка ўзмацніў рэпрэсіі і арганізаваў беспрэцэдэнтны ціск на палітвязьняў. Яму не патрэбныя добрыя адносіны з Захадам, яму не патрэбныя эканамічныя рэформы, а патрэбныя заходнія грошы дзеля выратаваньня свайго рэжыму. Гэтыя грошы пойдуць на новы віток рэпрэсіяў і правядзеньне вайсковых вучэньняў пад кіраўніцтвам Расеі. На вайсковым парадзе ў Менску траціна вайсковай тэхнікі будзе расейская», — нагадаў апазыцыйны палітык, які з 2012 году знаходзіцца ў эміграцыі.

Былая савецкая „імпэрыя зла“ трансфармавалася ў „каапэратыў дыктатараў“

Па словах Саньнікава, Лукашэнка — гэта «шматгадовы вораг дэмакратыі», і ён ніяк ня можа быць саюзьнікам у барацьбе за дэмакратычную і незалежную Ўкраіну.

«Былая савецкая „імпэрыя зла“, як выявілася, нікуды ня зьнікла. Яна трансфармавалася ў „каапэратыў дыктатараў“, які душыць імкненьне народаў да свабоды на ўсёй постсавецкай прасторы і пагражае міжнароднай бясьпецы. Ніякая „рэалпалітык“ з гэтай пагрозай справіцца не дапаможа. Сёньня, сапраўды, прыйшоў час успомніць лёзунг „За нашу і вашу свабоду!“ І пазбавіцца ад дыктатур, вялікіх і малых», — упэўнены ён.

Саньнікаў прызнаўся, што ў ЗША лягчэй размаўляць аб праблемах Беларусі, чым у Эўропе:

«Часам яны лепш разумеюць сытуацыю ў дыктатарскіх краінах. У ЗША не пачуеш такога распаўсюджанага ў Эўропе тэрміна, як „рэалпалітык“. Мае суразмоўцы цудоўна разумелі, што агрэсія Расеі ва Ўкраіне кінула выклік ня толькі незалежнасьці Ўкраіны і Беларусі, але і існаваньню Эўропы. Іх гэтая сытуацыя турбуе, і яны разумеюць: дыктатарскі рэжым у Беларусі — гэта тое, што трэба Крамлю», — заявіў ён.

Саньнікаў распавёў, што сэнатар Джон Маккейн, зь якім ён сустрэўся, выдатна ведае сытуацыю ў Беларусі, «пасьлядоўна і рашуча выступае супраць дыктатуры, у абарону палітвязьняў, у абарону свабоды слова».

Радыё Свабода