Саньнікаў: Моц дэманструе толькі Расея
Былы беларускі палітвязень, кандыдат на выбарах прэзыдэнта ў 2010 годзе Андрэй Саньнікаў ацаніў для Свабоды дзеяньні Пуціна ва Ўкраіне.
— Чаму расьце рэйтынг Пуціна сярод расейцаў?
— Цяжка аналізаваць дадзеныя гэтых апытаньняў сёньня. Таму што гэта гістэрычныя рэйтынгі. Мы бачым гэтую гістэрыю на расейскіх каналах, у праўладнай прэсе. Атрымліваецца такая гістэрыя, калі людзі ў захапленьні ад таго, што Расея нібыта ізноў супэрдзяржава. Для аналізу трэба пачакаць, як гэтая бязглуздая палітыка, якую навязвае Пуцін Расеі і сьвету, адгукнецца празь нейкі тэрмін. Фактар шавіністычнага ўльтранацыяналістычнага ўздыму настрояў у Расеі прысутнічае. Але я ня думаю, што абсалютная большасьць мае такія настроі.
— Як вы ацэньваеце Ўсякрымскі рэфэрэндум?
— Вынікі аніяк нельга ацэньваць, таму што, паводле міжнароднага права, адбыўся нелегітымны рэфэрэндум — пад стрэльбамі, ва ўмовах акупацыі. Як можна гэта ацэньваць? Ацэньваць трэба тых, хто прызнае гэты рэфэрэндум, у тым ліку і так званых міжнародных назіральнікаў, якія прысутнічалі на ім, нягледзячы на тое, што Эўрапейскі Зьвяз заявіў пра незаконнасьць рэфэрэндуму.
— Што далей будзе рабіць Расея ў дачыненьні да Ўкраіны?
— Трэба разумець, што Ўсякрымскі рэфэрэндум — гэта частка пляну Расеі па анэксіі Крыму і ўсходу Ўкраіны. Відавочна, што ў Расеі менавіта такія пляны. Далейшыя дзеяньні Расеі абсалютна залежаць ад Захаду. І тое, што ўчора Эўразьвяз зацьвердзіў вельмі мяккія санкцыі ў дачыненьні да невялікай колькасьці чыноўнікаў, дае Расеі карт-блянш на ўзмацненьне агрэсіі дзеля рэалізацыі сваіх плянаў. Я бачу, што гэта цяпер нават не хаваецца. У выніку Расея ўсё больш агрэсіўна і настойліва гаворыць пра неабходнасьць перагляду міжнародных стасункаў, якія склаліся пасьля таго, як сканаў Савецкі Саюз.
— Ці змогуць нейкія санкцыі ці пагрозы, якія ўтрымліваюцца ў заявах краін Эўразьвязу, прымусіць Расею адмовіцца ад свайго пляну?
— Я спадзяюся, што санкцыі будуць працягвацца. І што яны будуць тычыцца ня толькі асобаў, але і іншых аспэктаў. Ёсьць шмат важных для Расеі эканамічных і ваенных сувязяў з эўрапейскімі краінамі і ЗША. Я ўвогуле гэтую сытуацыю для сябе разумею так: адбылося сутыкненьне сьветапоглядаў. Захад не разумее, што Расея ня здольная на кампраміс. Для Расеі гэта zero-sum game, гэта значыць — гульня з нулявым вынікам. А Захад шукае кампрамісу. Дык вось Захаду трэба зразумець, што спачатку трэба прадэманстраваць моц, і толькі пасьля шукаць кампрамісу. Пакуль што моц дэманструе толькі Расея. І гэта ўсё было падрыхтавана ў мінулым годзе, які можна назваць «годам Пуціна», калі ён уцягнуў Захад у непрымальны, з майго пункту гледжаньня, сцэнар у дачыненьні да Сырыі і Ірану. Цяпер Пуцін працягвае наступ на заходнія каштоўнасьці, толькі ўжо з выкарыстаньнем збройнай сілы.
— Многія цяпер гавораць пра пагрозу і для іншых краінаў з боку Расеі. У першую чаргу гэта тычыцца Беларусі.
— У Беларусі дыктатура. Акупанты ўжо ёсьць у Беларусі. Я гэта вельмі добра адчуваў, калі быў за кратамі. Я бачыў, як мае каты адмаўлялі, што яны беларусы, казалі, што яны прысягалі Савецкаму Саюзу.
А дыктатура ў Беларусі падтрымліваецца Расеяй. Так, як было ва Ўкраіне.
Зараз Пуцін бароніць не расейскія інтарэсы, а свой рэжым. Ва Ўкраіне ён выкарыстоўвае Януковіча, каб неяк легалізаваць свае дзеяньні.
Такі ж самы рэжым існуе ў Беларусі. Таму тое, што Лукашэнка неяк стрымана рэагуе на падзеі, можна інтэрпрэтаваць так, што ён выдатна разумее, што тут ня будзе ніякіх ваганьняў, каб прыбраць яго, калі тое стане патрэбным Крамлю.
Увогуле, Лукашэнка ў вельмі складанай сытуацыі. Я яшчэ раз скажу, што ўсё вельмі моцна залежыць ад далейшых крокаў Захаду. Нам, беларусам, трэба падтрымліваць украінцаў, а таксама змагацца ўнутры і за межамі Беларусі для таго, каб захаваць незалежнасьць і пакінуць шанец для дэмакратычнага разьвіцьця нашай краіны. І я думаю, што зараз будзе складаны пэрыяд, бо тое, што цяпер адбываецца, — гэта сьмяротная пагроза і для Эўропы, і для ўсяго сьвету.