Навіны

Штэфан Фюле: "Мы на баку тых, хто хоча мець больш дэмакратыі"

Эўракамісар Штэфан Фюле сустрэўся ў Брусэлі з намесьнікам старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцінам Стэфановічам і старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной.

Падчас сустрэчы эўракамісар выказаў падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі і заклапочанасьць сытуацыяй беларускіх палітвязьняў. Паводле спадара Фюле, эўрапейскія арганізацыі вельмі зацікаўленыя ў аднаўленьні дыялёгу з уладамі Беларусі, але для гэтага ёсьць ясная ўмова – вызваленьне палітычных зьняволеных і іх рэабілітацыя:

На фота: Штэфан Фюле, Валянцін Стэфановіч, Саша Кулаева, прадстаўніца Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека, якая зладзіла сустрэчу, і Жана Літвіна.

«Я кажу абсалютна ясна, што пад рэабілітацыяй мы маем на ўвазе аднаўленьне іх грамадзянскага і палітычнага жыцьця, каб яны маглі працягваць адыгрываць актыўную ролю ў тым, каб прынесьці дэмакратыю ў Беларусь і прывесьці Беларусь у эўрапейскую сям\’ю».

Вось што па выніках сустрэчы спадар Фюле сказаў нашаму карэспандэнту:

«Нашае пасланьне да Беларусі і да беларускага народу ў тым, што мы на іх баку, мы на баку тых, хто хоча мець больш дэмакратыі, больш разьвітую, сучаcную і эўрапейскую краіну. Мы на баку тых, хто згодны, што ў Эўропе 21-га стагодзьдзя няма месца палітычным вязьням. Нашае пасланьне заключаецца ў поўнай падтрымцы грамадзянскай супольнасьці і тых, хто прасоўвае гэтыя ідэі. Пасланьне ў тым, што мы будзем працягваць займацца гэтым».

Спадар Фюле выказаў заклапочанасьць перасьледам праабаронцаў у Беларусі, атрымаўшы інфармацыю пра высяленьне «Вясны» з офісу, які належаў зьняволенаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму

«У нас ёсьць яснае пасланьне да ўладаў Беларусі: Спыніце перасьлед праваабаронцаў, тых, хто падтрымлівае свабоду слова ў Беларусі, тых, хто працуе з намі ў рамках дыялёгу аб мадэрнізацыі, каб пабудаваць сучасную і эўрапейскую Беларусь».

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч сказаў журналістам па выніках сустрэчы:

«Для нас вельмі важная пазыцыя Эўразьвязу наконт вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў. На жаль, у нас не было добрых навінаў зь Беларусі, бо ў нас па-ранейшаму застаюцца дванаццаць прызнаных палітвязьняў, і мы глыбока заклапочаныя пагаршэньнем сытуацыі некаторых зь іх. Да прыкладу, у адносінах да спадароў Статкевіча і Дашкевіча, якіх цалкам ізалявалі, быў узмоцнены рэжым, і іх перавялі з калёніяў у турму. І вядома ж мы заклапочаныя сытуацыях з нашым старшынём і віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім. Я лічу, што вельмі важна, каб наш урад разумеў пазыцыю Эўразьвязу, што перадумова для любога дыялёгу – гэта вызваленьне палітзьняволеных, і цалкам згодны з спадаром Фюле, што сучасная Эўропа – ня месца для палітвязьняў».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна зьвярнула ўвагу на тое, што для сапраўднага дыялёгу таксама патрэбна распрыгоньваньне сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі:

«У першую чаргу гэта спыненьне крымінальных справаў, якія распачатыя супраць журналістаў за іх прафэсійную дзейнасьць. Існуе цэлы комплекс праблемаў, зьвязаны з доступам да інфармацыі. Я таксама казала пра недапушчальнасьць грубага ўмяшаньня і перашкодаў у працы журналістаў, і мне здаецца, што мы знайшлі ўзаемаразуменьне».

Радыё Свабода