Шушкевіча будуць судзіць за ўдзел у Беларускім нацыянальным кангрэсе
Першага кіраўніка незалежнай Беларусі абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні міліцыі.
Экс-спікера Вярхоўнага савета Станіслава Шушкевіча 24 траўня будуць судзіць за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса, які адбыўся 15 траўня ў Менску.
Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з лідараў беларускай апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч.
Разгляд адміністратыўнай справы пройдзе ў судзе Цэнтральнага раёна Менска. Шушкевіча абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КаАП за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі.
Пратаколы за ўдзел у кангрэсе прыйшлі ўжо прынамсі чатыром удзельнікам мерапрыемства, у тым ліку лідару прафзвязу РЭП Генадзю Фядынічу.
«Спачатку ўлады зрабілі ўсё, каб нам немагчыма было правесці кангрэс у памяшканні, а цяпер ужываюць рэпрэсіі за тое, што мы былі вымушаныя зрабіць яго на вуліцы», – адзначыў Статкевіч.
Нагадаем, улады адмовілі арганізатарам Беларускага нацыянальнага кангрэса ў памяшканні, таму пастанавілі правесці акцыю на вольным паветры.
Аргкамітэт заклікаў грамадзян прыйсці падтрымаць дэлегатаў кангрэсу ў іх барацьбе за права на мірныя сходы. Таксама арганізатары запрасілі на Кангрэс замежных дыпламатаў.
Падчас акцыі ў скверы Янкі Купалы Беларускі нацыянальны кангрэс быў абвешчаны сталадзейным аб\’яднаннем апазіцыі. Паўнамоцтвы аргкамітэта кангрэса будуць перададзеныя Радзе БНК. «Гэта яшчэ не поўнае аб\’яднанне апазіцыі, гэта пачатак працэсу», – сказаў ініцыятар правядзення кангрэса Мікалай Статкевіч.
У аргкамітэт увайшлі вядомыя палітычныя лідары Беларусі: экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч,Вячаслаў Сіўчык, сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.