Навіны

Сітуацыя ў Беларусі будзе абмяркоўвацца сёння ў Бруселі

Еўрапарламент плануе прыняць рэзалюцыю па Беларусі, а ЕС — прэзентаваць праграму «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі».

Паводле парадку дня сённяшняга пасяджэння Еўрапарламента (ЕП) у Бруселі галасаванне па ўсіх рэзалюцыях, якія ён мае намер прыняць, пачнецца ў 13.30 па мінскім часе.

Праект рэзалюцыі па Беларусі, які апублікаваны на сайце ЕП, асуджае пагаршэнне сітуацыі ў галіне правоў чалавека і фундаментальных свабод, адсутнасць «глыбокіх дэмакратычных і эканамічных рэформ», а таксама «рэпрэсіі ў дачыненні да апанентаў рэжыму».

Еўрадэпутаты «рашуча асуджаюць» бесперапынны пераслед беларускімі ўладамі праваабаронцаў, прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.

ЕП патрабуе ад Мінска «неадкладнага і безумоўнага вызвалення» ўсіх палітзняволеных», нагадваючы, што пакуль гэтага не адбудзецца,якое-небудзьразвіццё дыялогу паміж Еўрасаюзам і Беларуссю немагчымае.

У праекце рэзалюцыі асуджаецца «агрэсіўная рыторыка» Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да міністра замежных спраў ФРГ Гіда Вестэрвеле.

(4 сакавіка ў гутарцы з журналістамі Лукашэнка сказаў на адрас нямецкага палітыка: «Лепш быць дыктатарам, чым блакітным».)

Еўрапарламент заклікае нацыянальныя федэрацыі хакеякраін-членаўЕС і ўсіх дэмакратычных дзяржаў звярнуцца ў Міжнародную федэрацыю хакея з прапановай яшчэ раз абмеркаваць магчымасць пераносу чэмпіянату свету па хакеі 2014 года з Беларусі ў іншую краіну датуль,

пакуль не будуць вызваленыя ўсе беларускія палітзняволеныя, і ўлады не пачнуць паважаць правы чалавека.

Пры гэтым у праекце рэзалюцыі падкрэсліваецца: ЕС і Беларусь павінны мець добрасуседскія адносіны. Паводле меркавання еўрапарламентарыяў, Еўрасаюз павінен «рашуча падтрымліваць цеснае ўзаемадзеянне» з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, а таксама дэмакратычныя памкненні беларускага народа.

Парламентарыі заклікаюць Еўракамісію «фінансавымі і палітычнымі сродкамі падтрымліваць намаганні беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый у Беларусі з мэтай садзеяння дэмакратыі».

У праекце рэзалюцыі таксама адзначаецца, што сумеснае рашэнне краін ЕС адклікаць сваіх паслоў з Мінска прадэманстравала: спробы беларускіх улад падзяліць Еўрасаюз у сувязі з яго рашэннем аб санкцыях у дачыненні да Беларусі праваліліся.

Першапачаткова галасаванне па рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі планавалася 15 сакавіка ў межах сесіі ЕП у Страсбургу, але ў апошні момант было адкладзенае. Як растлумачылі тады ўпрэс-службеЕўрапарламента — «для таго, каб даць беларускім уладам больш часу для рэагавання».

Сёння ж у Бруселі будзе дадзены старт новай праграме ЕС «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі». Яе прадставіць еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле.

Аб тым, што ЕС пры дапамозе новай праграмы плануе пашырыць дыялог з грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй Беларусі, паведаміў 14 сакавіка на пасяджэнні Еўрапарламента ў Страсбургу прадстаўнік Еўракамісіі Андрыс Піебалгс.

«ЕС і яго краіны-ўдзельніцы жадаюць падзяліцца з Беларуссю сваім паспяховым вопытам пераходу да дэмакратыі і рыначнай эканомікі, — растлумачыў ён сутнасць праекта. — Як толькі з’явяцца добрыя ўмовы, ЕС, у сваю чаргу, гатовы стварыць неабходныя ўмовы для еўрапейскіх кампаній і фінансавых інстытутаў для аказання дапамогі ў трансфармацыі і ўдзеле ў будучых прыватызацыйных працэсах у Беларусі».

Праграма «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі была ўхваленая Саветам міністраў замежных спраў краін ЕС на пасяджэнні 23 сакавіка ў Бруселі. ЕС лічыць неабходным падтрыманне дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй Беларусі на прадмет рэфармавання і мадэрнізацыі краіны.

Варта адзначыць, што на прэзентацыі праграмы не змогуць прысутнічаць беларускія апазіцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Аляксандр Атрошчанкаў. У ноч з 27 на 28 сакавіка іх знялі з цягніка Мінск — Масква. З расійскай сталіцы апазіцыянеры планавалі вылецець у Брусель. Спачатку супрацоўнікі мытні заявілі, што ўсе трое падазраюцца ў транспарціроўцы наркатычных сродкаў, пазней стала вядома, што іх абвінавачваюць у дробным хуліганстве, нібыта ўчыненым у цягніку.

Чакалася, што затрыманых асудзяць у судзе Оршы і Аршанскага раёна ў той жа дзень, але працэсы без тлумачэння прычын перанеслі на 29 сакавіка. Увесь гэты час Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Оршы. Праваабаронцы перакананыя ў тым, што іх затрыманне носіць палітычны характар, з мэтай ізаляваць апазіцыйных палітыкаў ад кантактаў з іх еўрапейскімі партнёрамі.

Таццяна Каравянкова, Антон Тарас, БелаПАН.