Палітвязні

СК прад’явіў новыя абвінавачаньні Ціханоўскаму, Статкевічу і іншым, зьвязаў іх са справай баевікоў ПВК «Вагнэр»

Сьледчы камітэт паведаміў 30 ліпеня пра завядзеньне шэрагу крымінальных спраў супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых, затрыманых у ягонай справе, а таксама пра затрыманьне баевікоў з ПВК «Вагнэр».

На Сяргея Ціханоўскага завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі «па фактах наўмысных дзеяньняў, накіраваных на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці, заклікаў да гвалтоўна-агрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Паводле гэтага артыкулу Ціханоўскаму пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Акрамя таго, у дачыненьні да Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых асоб завялі крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў паводле арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі (прадугледжвае пакараньне ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі).

Таксама 29 ліпеня па выніках праверкі апэратыўнай інфармацыі, якая паступіла ад спэцслужбаў, праз падазрэньне ва ўказаным злачынстве затрымалі 33 грамадзян Расейскай Фэдэрацыі, супрацоўнікаў ПВК «Вагнэр», якія пражывалі на тэрыторыі санаторыя «Беларусачка» ў Менскім раёне, піша СК. Цяпер вырашаецца пытаньне аб іх узяцьці пад варту.

Паводле ведамства, працягваюцца сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя захады, накіраваныя на выяўленьне датычных да падрыхтоўкі і арганізацыі масавых беспарадкаў на тэрыторыі Беларусі.

svaboda.org