Скарга Юры Рубцова зарэгістравана ў ААН
Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу былога палітвязня, гомельскага актывіста Юрыя Рубцова, дзе ён аспрэчвае трохсутачны арышт за майку з надпісам “Лукашенко уходи!”, за якую быў затрыманы падчас вулічнага шэсця “Дзяды-2013”. Як паведаміў праваабаронцаЛеанід Судаленка, які рыхтаваў скаргу, 4 снежня ён атрымаў адпаведнае паведамленне аб рэгістрацыі скаргі за №2679/2015 і накіраванні яе беларускаму Ураду для каментару па сутнасці.
Падчас акцыі спадар “Дзяды-2013” Ю. Рубцоў паверх вопраткі надзеў майку з надпісам “Лукашенко уходи!”. Да яго неаднаразова падыходзілі супрацоўнікі міліцыі з патрабаваннем зняць майку, аднак актывіст не падпарадкаваўся, лічачы патрабаванне незаконным, якое перашкаджае вольнаму выказванню меркавання.
“Пасля завяршэння шэсця я быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, якія склалі ў дачыненні да мяне адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, абвінаваціўшы мяне ў непадпарадкаванні іх законнаму патрабаванню пры выкананні службовых паўнамоцтваў”, – успамінае былы палітвязень.
Ён быў дастаўлены ў суд Савецкага раёна Мінска, дзе суддзя Зміцер Паўлючэнка ппрыцягнуў яго да адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту тэрмінам на трое сутак.
“Зараз Ураду прыйдзецца шукаць адказ на пытанне, наколькі адміністрацыйны пераслед актывіста адпавядае міжнародным абавязальніцтвам краіны па выкананні права кожнага на свабоду ўдзелу ў мірных сходах і выказвання меркавання”, – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.
Нагадаем, 5 жніўня бягучага года Аляксандар Лукашэнка выслухаў ад карэспандэнта Радыё Свабода Валера Каліноўскага гісторыю пра арышты гамельчука Юрыя Рубцова, якога некалькі разоў арыштоўвалі за майку “Лукашенко уходи” і заявіў, што гэта не злачынства. Неўзабаве Юрась Рубцоў быў вызвалены з турмы.
Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязнем сумлення.
Гомельская Вясна
http://spring96.org/be/news/81469