Навіны

Следчы камітэт адмовіўся спыняць справу супраць Міхалевіча за Плошчу

Управа Следчага камітэта ў горадзе Менску адмовіла ў хадайніцтве Алеся Міхалевіча аб спыненні крымінальнай справы супраць яго.

Палітык падаў сваё прашэнне паралельна з вяртаннем у Беларусь, паведамляе «Радыё Рацыя».

Алесь Міхалевіч застаецца апошнім чалавекам знезакрытай крымінальнай справай у падазрэнні ў дачыненні да «масавых беспарадкаў», якія нібыта адбыліся ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Палітыка затрымалі пасля акцыі пратэсту, але вясной 2011 года выпусцілі з турмы пад падпіску аб нявыездзе. Пазней ён заявіў, што ў турме КДБ яго катаваннямі прымусілі пагадзіцца на сакрэтнае супрацоўніцтва са спецслужбай. Праз некаторы час пасля сваіх выкрыццяў Алесь Міхалевіч пакінуў Беларусь. Вярнуўся ён у верасні 2015-га пасля вызвалення беларускіх палітвязняў.