Спатканне Ігара Аліневіча з бацькамі фіксавалася на відэа і аўдыё
Кароткае спатканне палітзняволенага Ігара Аліневіча з бацькамі ў Наваполацкай калоніі адміністрацыя калоніі фіксавала на відэа і аўдыё.
Пра гэта новаўвядзенне распавяла маці палітвязня Валянціна Аліневіч, вярнуўшыся ў Менск пасля спаткання:
– Ігар сказаў, што на гэты раз у яго ўзялі подпіс, што яму паведамілі пра вядзенне аўдыё і відэазапісу – гэта ўжо нешта новае ў нашай сітуацыі. Ігар выглядае як звычайна, канешне кожны год і кожны дзень у турме нічога добрага не дадае яму, але ён трымаецца дастаткова мужна.
Валянціна Аліневіч адзначыла, што ў апошні час сын адчувае недахоп інфармацыі, ён стаў атрымліваць нашмат менш газет.
Таксама Ігару Аліневічу не дазваляюць тэлефанаваць. Апошні раз ён здолеў патэлефанаваць у кастрычніку 2013 года.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя