Спецдакладчык па Беларусі рэкамендуе беларускім уладам неадкладна і без усялякіх умоў вызваліць палітвязняў
Беларускім уладам рэкамендавана неадкладна і без усялякіх умоў вызваліць з турмаў усіх палітычных апанентаў, праваабаронцаў і актывістаў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, якую падаў для азнаямлення Радзе ААН па правах чалавека спецдакладчык па сітуацыі ў Беларусі Міклаш Харашці.
Даклад плануецца разгледзець на 23-й сесіі рады, якая пройдзе з 27 мая па 14 чэрвеня ў Жэневе.
Харашці адзначае, што сітуацыя з палітзняволенымі выклікае глыбокі неспакой. «Умовы іх утрымання ў турмах разам са з\’яўленнем інфармацыі аб псіхалагічным і фізічным націску могуць быць расцэнены як неналежнае ўтрыманне, а часам і катаванні», — гаворыцца ў дакладзе.
Ураду Беларусі рэкамендавана прыняць меры для ўстаранення ўсіх перашкод, якія замінаюць актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у палітычным жыцці краіны, а таксама гарантаваць бесстаронняе прымяненне законаў на практыцы.
Акрамя гэтага, афіцыйнаму Мінску рэкамендавана актывізаваць працу парламенцкай групы па вывучэнні пытання смяротнай кары,
абнародаваць вычарпальную інфармацыю пра ўжо прыведзеныя ў выкананне прыгаворы і неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару з далейшай яе адменай.
Уладам рэкамендуецца таксама правесці расследаванне выпадкаў гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста (маюцца на ўвазе знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага),
фактаў пазбаўлення ліцэнзій і пераследу адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў у Беларусі.
Спецдакладчык заклікае ўлады гарантаваць, што ўсе затрыманыя грамадзяне будуць хутка інфармавацца аб прычынах свайго затрымання і абвінавачаннях, а таксама мець бесперашкодны доступ да адваката. Пры гэтым рэкамендавана гарантаваць абсалютную забарону на катаванні і іншыя віды неналежнага абыходжання з затрыманымі.
У дакладзе ўтрымліваецца рэкамендацыя перагледзець і прыняць такое заканадаўства, якое «будзе абараняць мірныя сходы, у тым ліку спантанныя акцыі».
Акрамя таго, лічыць аўтар дакумента, неабходна ўнесці папраўкі ў законы і практыку іх прымянення, каб грамадскія арганізацыі маглі стварацца праз простую, лёгкадаступную і недыскрымінацыйную працэдуру.
Беларускім уладам таксама рэкамендавана забяспечыць абарону праваабаронцаў і журналістаў ад пераследу, запалохвання і насілля, правесці поўнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх падобных выпадкаў.
Харашці звяртае ўвагу Рады ААН па правах чалавека на тое, што так і не атрымаў магчымасць наведаць Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, бо беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім. Пры падрыхтоўцы дакумента, паведамляе спецдакладчык, у яго адбыліся сустрэчы за межамі Беларусі з прадстаўнікамі апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый, праваабаронцамі, журналістамі.