Палітыка

Станіслаў Багданкевіч: Беларусам трэба мяняць палітычную ўладу

Падзенне ўзроўню жыцця беларусаў непазбежнае праз прычыну эканамічных пралікаў кіраўніцтва краіны.

Нацыянальная валюта ў дакладнасці паўтарае кіданні расейскага – эканоміка Беларусі трывала «завязаная» на эканоміку ўсходняга суседа і галоўнага хаўрусніка. У гэтым годзе – улічваючы падзенне нафтавых коштаў і пагаршэнне расейскіх эканамічных паказчыкаў праз шэраг вядомых прычын – расейскі рынак не ратуе беларускі збыт тавараў, з крэдытамі ў дапамогу Менску Масква таксама не спяшаецца, паведамляе Radio France International.

Былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначае, што падзенне ўзроўню жыцця беларусаў непазбежна праз прычыну эканамічных пралікаў кіраўніцтва краіны.

– Народ павінен мяняць сваіх кіраўнікоў, мяняць палітычную ўладу, каб прыйшлі новыя людзі, новыя чыноўнікі і паляпшалі сітуацыю, – заявіў ён. – Гэта мая прынцыповая пазіцыя. Што тычыцца перспектывы, то я мяркую, што ўзровень інфляцыі складзе дзесьці адсоткаў 20 да канца года. Калі толькі Нацыянальны банк будзе прытрымлівацца той дэклараванай палітыкі абмежавання грашовай масы, якую ён абвясціў у пачатку года. Ён абвясціў, што рост грашовай масы будзе не больш за 30 працэнтаў. На жаль, ужо за першае паўгоддзе (гэты паказчык дасягнуў) больш за 20 адсоткаў.

Калі я кажу аб абмежаванні росту пустой грашовай масы, я кажу аб абмежаванні росту крэдытавання страт, крэдытавання прадпрыемстваў, якія страцілі цалкам уласны абаротны капітал, прадпрыемстваў, якія працуюць на склад і зноў выпускаюць прадукцыю, якая не знаходзіць збыту, і тым самым пагаршаюць эканамічныя паказчыкі і, у канчатковым выніку, узровень жыцця.