Навіны

Станіслаў Багданкевіч: Лукашэнка бачыць у рэформах інтрыгі ворагаў

МВФ не трэба даваць крэдыт уладам Беларусі. 9-19 лістапада ў Менску працуе місія МВФ Міжнародны валютны фонд.

«Мы прыехалі, каб абмеркаваць з уладамі эканамічную палітыку і рэформы, і ці дастатковую базу гэтыя рэформы складаюць для праграмы Беларусі з МВФ», – заявіў кіраўнік місіі фонду ў Беларусі Піцер Долман.

Ці гатовы афіцыйны Менск да структурных рэформаў узамен на 3 мільярды даляраў?

Ці патрэбны Беларусі наогул чарговы крэдыт? Ці пагражае краіне тэхнічны дэфолт ужо ў пачатку 2016? На пытанні «Беларускай праўды» адказаў былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

– Ці гатовыя беларускія ўлады правесці структурныя рэформы ўзамен на 3 мільярды даляраў ад МВФ?

– Цяжка адказаць на гэтае пытанне, улічваючы пункт гледжання дыктатара. Лукашэнка сказаў, што ніякіх рэформаў не дапусціць, пакуль ён прэзідэнт, – кардынальных, глыбінных, рэальных рэформаў. Калі рэформы будуць, мы можам разлічваць, што Міжнародны валютны фонд выдасць рэсурсы не за прыгожыя вочы, а для радыкальных структурных пераўтварэнняў у эканоміцы. Калі ж Лукашэнка сур\’ёзна кажа, што не дапусціць рэформаў, то нельга разлічваць на павышэнне крэдытаў.

– Але сёння Лукашэнка ўжо заявіў, што ў Беларусі ўжо праведзеныя «досыць глыбінныя рэформы».

– Не адбылося галоўнай рэформы, інстытуцыйнай: у спыненні ўмяшання чыноўнікаў у цэнаўтварэнне, дзяржкампаніі па-ранейшаму выпускаюць прадукцыю, якая не знаходзіць збыту, не праведзеныя рэформы кіравання дзяржаўнай уласнасцю. Нядаўна Лукашэнка заявіў, што на кожны трактар, на кожны выпечаны бохан хлеба прызначыць чыноўніка, які будзе адказваць за іх рэалізацыю. Цяжка зразумець Лукашэнку, таму цяжка яго каментаваць.

– Ці патрэбны яшчэ адзін крэдыт Беларусі, якая і так ужо мае звыш 40 мільярдаў вонкавай запазычанасці?

– Беларусі не патрэбныя крэдыты, каб падтрымліваць статус-кво неэфектыўнай эканомікі. Беларусі патрэбныя крэдыты для пераўтварэння эканомікі, каб яна стала эфектыўнай. За 2015 больш у чым удвая павялічылася колькасць стратных суб\’ектаў гаспадарання, больш чым удвая выраслі сумы страт, скарацілася рэнтабельнасць – Лукашэнка ўсё гэта бачыць. Крэдыты патрэбныя, каб правесці рэформы з меншымі сацыяльнымі выдаткамі для насельніцтва. А крэдыты на паскарэнне падзення ў прорву не патрэбныя, ад іх трэба адмовіцца. І я б хацеў, каб нам ніхто не даваў.

– Леанід Злотнікаў у інтэрв\’ю charter97.org падлічыў, што без вонкавых запазычанняў ужо ў пачатку 2016 Беларусь чакае тэхнічны дэфолт. Вы згодныя з прагнозамі калегі?

– Можна скараціць узровень жыцця, можна скараціць аб\’ёмы інвестыцый, капітальных укладанняў, выплаціць крэдыты і не прывесці краіну да дэфолту. Ёсць наўпроставая залежнасць падзення ўзроўню жыцця і пагаршэння перспектыў на будучае эфектыўнае развіццё, калі мы скароцім інвестыцыі. У гэтым годзе ў беларускую эканоміку ідуць значныя інвестыцыі, хоць і скараціліся больш чым на 20%: мы ж па-ранейшаму будуем дарогі, жыллё, інфраструктуру. Можна ўсё спыніць – і такім шляхам выплаціць запазычанасці. Не абавязкова адбудзецца дэфолт, хоць падзення жыццёвага ўзроўню не пазбегнуць.

Але сапраўдны палітык павінен абвясціць аб глыбінных, кардынальных, хуткіх – цягам года – рэформах, каб ажывіць эканоміку. Ці нармальна, што ў 2015 годзе на 3-4% упадзе ВУП? Ненармальна. Падае экспарт, падае імпарт, падаюць аб\’ёмы вытворчасці – на 1 кастрычніка паводле афіцыйнай статыстыкі падзенне адбываецца па ўсіх кірунках. Мы маем патрэбу ў рэформах, а Лукашэнка бачыць у рэформах інтрыгі ворагаў.