Выбары

Станіслаў Шушкевіч: Сур’ёзных людзей я амаль не бачу

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч патлумачыў, чаму з’явілася такая вялікая колькасць прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду.

Толькі ў апошнія дні ў шэрагу тых, хто прэтэндуе на прэзідэнцкую пасаду, з’явілася шмат новых імён – рэкламшчыца Ірына Першына, настаўніца Жана Раманоўская, фатограф Аляксандр Юдаеў, бізнесмен Андрэй Канавец

Што гэта? У людзей з’явілася палітычная актыўнасць? Шоу, піяр ці “праект улады” на выпадак, калі дэмакратычныя кандыдаты адмовяцца прымаць удзел у выбарах?

Станіслаў Шушкевіч: Мне здаецца, што такая вялікая колькасць прэтэндэнтаў з-за таго, што многія з іх бачаць сітуацыю ў краіне і разумеюць, што могуць кіраваць ёй не горш, чым цяперашняя ўлада.

РР: Тым больш дзіўна, бо звычайна многія настаўнікі і бізнесмены баяцца не тое, што вылучацца ў прэзідэнты, а нават пракаментаваць якую-небудзь падзею для незалежных СМІ…

Станіслаў Шушкевіч: Вы ж бачыце, якая зараз кампанія. Сур’ёзных людзей я там амаль не бачу. І яшчэ раз паўтараю – гледзячы на тое, што робіць цяперашняя ўлада, чаго мы дасягнулі ў параўнанні з суседзямі, многія палічылі, што змогуць зрабіць гэтую працу лепей.

РР: А можа гэта ўлада сама вырашыла перастрахавацца і забяспечыць колькасны склад удзельнікаў?

Станіслаў Шушкевіч: Я не думаю, што нехта з гэтых несур’ёзных прэтэндэнтаў наогул збярэ 100 тысяч подпісаў. Хоць не выключаю, што гэта можа быць ініцыятыва нейкіх дзяржаўных структур, якія жадаюць легітымнасці ўладзе. Я бачу аднаго-двух сур’ёзных людзей, але і яны робяць абсалютна недапушчальныя заявы. Калі чалавек кажа, што ў нас паганая апазіцыя, то разумным яго не назавеш. Ён проста нічога не разумее ў тым, што адбываецца. Лепей бы схаваў сваё меркваванне і нікому не паказваў, чым паказваць, што ён абсалютна недарэчны кандыдат у прэзідэнты.

РР: Ваш прагноз: чым закончыцца гэты парад прэтэндэнтаў?

Станіслаў Шушкевіч: Нічым. Прафсаюзы збяруць мільён подпісаў у падтрымку Лукашэнкі, а астатнія яшчэ і невядома ці збяруць 100 тысяч. Улада яшчэ і падначыць можа: вось такія ў нас апаненты, маўляў, можна нават выбары і не праводзіць…

РР: А як вам ініцыятыва правяраць подпісы, якія будуць сабраныя прэтэндэнтамі?

Станіслаў Шушкевіч: Я заўсёды дрэнна ставіўся да ўсіх правяральшчыкаў, бо сярод іх заўсёды было мала разумных людзей. Звычайна правяральшчыкі становяцца сведкамі таго, што адбываецца, а не таго, што павінна быць. Так што не адчуваю вялікай павагі і да гэтых кантралёраў.

РР: Як і меркавалася, ініцыятыўную групу Статкевіча не зарэгіструюць, аб чым ужо заявіў прадстаўнік Цэнтрвыбаркама. Што далей?

Станіслаў Шушкевіч: Згодна з існуючым заканадаўствам, група і не магла быць зарэгістравана. Таму гэта хутчэй спосаб паказаць, што Мікалай Статкевіч карыстаецца падтрымкай у грамадстве, чым нейкі юрыдычны захад. Мяне іншае цешыць. Вельмі добрую работу зрабіў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Ён паказаў, што забарона байкоту супярэчыць тым міжнародным пагадненням у межах СНД, якія ратыфікавала Беларусь. І што гэта заканадаўства трэба выпраўляць. Вось гэта мне здаецца вельмі важным. Так што няхай бы Цэнтрвыбаркам расплюшчыў вочы і найперш адказаў на гэтае пытанне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя