Навіны

Статкевіч абвінаваціў журналістаў у арышце Кондруся

Следчы камітэт падцвердзіў арышт удзельніка акцыі пратэста супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года Уладзімера Кондруся. Як я зразумеў, арышт адбыўся дзякуючы апазіцыйным СМІ, якія апазналі Уладзімера па 5-гадовым фота, на якім ён грукаў у некім ужо разбітае вакно Дома ўрада корабам для сцёка дажджавой вады, адарваным ад гэтага будынку.
Дзеянні рэжыма тут цалкам лагічныя і зразумелыя – улады баяцца аб\’яўленай акцыі пратэсту 12 верасня і хочуць запалохаць яе патэнцыйных удзельнікаў. Гэта не першая і не апошняя спроба запалохвання. Напрыклад, ужо праз дзень пасля аб\’яўлення акцыі ноччу ў замкнёным двары ў маёй машыны разбілі лабавое шкло.

Не зразумелыя паводзіны тых апазіцыйных журналістаў і палітыкаў, якія дзеянні найбольш актыўнай і рашучай часткі ўдзельнікаў беларускай Рэвалюцыі Годнасці дагэтуль называюць правакацыяй. А цяпер нават апусціліся да даноса. Пры гэтым яны захапляюцца ўкраінскай рэвалюцыяй годнасці супраць, прызнаем гэта, легітымнага і законна абранага прэзідэнта .
У Беларусі законнай улады няма з ліпеня 1999 года. Кожны дзень існавання беларускага рэжыма – працягванне асабліва цяжкага злачынства “захаванне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам” (арт.357 Крымінальнага кодэкса РБ). 

Спробы спыніць злачынства з\’яўляюцца абавязкам грамадзян, а ўрон маёмасці ці злачынцам, нанесены пры гэтым, не падлягаюць крымінальнай адказнасці (арт. 36 КК РБ). Друкую гэты артыкул на сваёй стужцы цалкам. Прачытайце.

Каго не пераконвае наша заканадаўства, прачытайце Дэкларацыю правоў нацый, прынятую ААН у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Не дзіва, што пра яе зараз не пішуць.

Я не ведаю, хто першым пачаў біць дзверы Дома ўрада 19.12.2010 г., але спадзяюся, што проста мужныя і годныя людзі, а ніякія не агенты. Бо інакш будзе зусім сорамна за нацыю. Як я казаў у сваім апошнім слове на судзе ў траўні 2011 года: “Ён зноў на 5 гадоў краіну незаконна захапіў, а яму толькі дзверы пабілі”. Ды калі яшчэ і гэта спецслужбы арганізавалі, то што ж мы за народ тады.
Даносчыкам на Уладзімера Кондруся раю не хавацца за канспіралагічныя версіі, а папрасіць у яго прабачэння. Таксама раю аказаць яго сям\’і матэрыяльную дарамогу. Калі грошай няма, то папрасіце ў міліцыі прэмію за данос – вам належыць.

Колькі можна прыстасоўвацца да злачынцаў, колькі можна баяцца. Яны крадуць не толькі ўладу і грошы. Яны крадуць у нас нармальнае жыццё.

12 верасня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы. Жыве Беларусь!

Мікалай Статкевіч, facebook.com