Навіны

Статкевіч – Дзядку: Здавацца нельга!

Мікалай Статкевіч перадае словы падтрымкі Мікалаю Дзядку, супраць якога за тры месяцы да вызвалення ўзбудзілі новую крымінальную справу па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу “Злоснае непадпарадкванне супрацоўнікам установы”. Пра гэта ён напісаў у лісце дадому.

“Пачуў пра сітуацыю Мікалая Дзядка. Шкада хлопца і яго сям\’ю.

Коратка перасякаўся з ім на этапе ў чэрвені 2011года. Ён мне спадабаўся тады – пакінуў уражанне спакойнага і цвёрдага чалавека.Тут ужываюць, бывае, гэты спосаб зламаць чалавека – раптоўна дадаць тэрмін, калі свабода падаецца зусім блізкай. Бывае, што гэта, як апошняя саломіна, якая ламае спіну вярблюда. Пра гэта трэба ведаць і быць да гэтага гатовым.
Праўда, я ніколі не чуў, каб 411 артыкул ужывалі на турэмным рэжыме, бо чалавек тут і так ужо пакараны. Звычайна, каб “раскруціць” па 411-й, як тут кажуць, арыштанта спачатку вывозяць назад у калонію. Але для “палітычных” правілаў не існуе. І цікава, што цяпер будуць казаць тыя заходнія палітыкі, што ўбачылі тут нейкія “станоўчыя сігналы”?

Маё прывітанне Мікалаю і яго жонцы. Гэта прыйдзецца вытрымаць. Здавацца нельга.”

Адметна, што Мікалай Статкевіч і Мікалай Дзядок утрымліваюцца ў адной турме, але пра сітуацыю з Дзядком Мікалай Статкевіч даведаўся толькі з лістоў ад родных.