Мікалай Статкевіч

Лідэр партыі "Народная Грамада"

Палітыка

Статкевіч: Эўразьвяз па сутнасьці здраджвае беларусам

Былы палітвязень Мікола Статкевіч назваў рашэньне Эўразьвязу пра скасаваньне большасьці санкцыяў супраць афіцыйнага Менску памылковым і небясьпечным.

«Яно зроблена пад уплывам расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. І па сутнасьці ЭЗ здраджвае беларусам. Ён мяняе дэмакратыю на спакой. Абы ціха і спакойна, ня важна, якая тут улада і што тут робіцца. Калі нехта здраджвае сваім ідэалам і прынцыпам дзеля грошай і спакою, то ён апынаецца бяз грошай, без ідэалаў і без спакою.

Чаму гэтае рашэньне небясьпечнае для Беларусі? Эўрапейскія палітыкі не разумеюць, наколькі глыбокія зьмены адбываюцца ў Беларусі, у нашым рэгіёне апошнія чвэрць стагодзьдзя. У нас за гэты час па сутнасьці дафармавалася нацыя. Разам з тым беларускі рэжым канчаткова спаліў тыя рэсурсы, якія засталіся нам у спадчыну ад Савецкага Саюзу. Асноўны донар беларускага рэжыму, Расея, робіцца ўсё больш беднай і радыкальнай. І за свае выдадзеныя раней грошы будзе патрабаваць ад Беларусі ўсё болей і болей, нават да незалежнасьці.

Беларускае грамадзтва стамілася ад Лукашэнкі , расьце сацыяльная напружанасьць, зьбядненьне людзей. Беларусь чакаюць радыкальныя зьмены, а яны могуць прыйсьці двума шляхамі ці іх спалучэньнем. Гэта альбо сацыяльныя пратэсты, ці сацыяльная напружанасць да сацыяльнага выбуху. Альбо пэўныя дзеяньні Расеі, якія захочуць замяніць сваю сварлівую марыянэтку на лагодную марыянэтку.

І дзеяньні Захаду падрываюць пазыцыі праэўрапейскай апазыцыі. Цяпер паўстае пытаньне: хто ўзначаліць хвалю сацыяльных пратэстаў, якая апазыцыя — праэўрапейская ці новая прарасейская, якая ўжо сьпее ўнутры беларускага грамадзтва? Ідэалягічнае аслабленьне і без таго слабай, стомленай, разьяднанай апазыцыі — гэта вельмі небясьпечны крок».

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода


Fatal error: Uncaught wfWAFStorageFileException: Unable to verify temporary file contents for atomic writing. in /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php:51 Stack trace: #0 /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php(658): wfWAFStorageFile::atomicFilePutContents('/sites/statkevi...', '<?php exit('Acc...') #1 [internal function]: wfWAFStorageFile->saveConfig('synced') #2 {main} thrown in /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php on line 51