Палітыка

Статкевіч: Крэмль палохае Лукашэнку, каб быў больш згаворлівы і хутчэй здаваў незалежнасьць

Беларускія палітыкі ў інтэрвію Свабодзе пракамэнтавалі сытуацыю з хваляй антыбеларускіх публікацыяў у расейскай прэсе, дзе Беларусь абвінавачваюць у росьце нацыяналістычных настрояў і русафобіі па аналёгіі з Украінай.

Статкевіч: У гэтым віна Лукашэнкі

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 годуМікалай Статкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што калі павялічэньне цікавасьці да беларускай мовы і культуры выглядае з боку як нешта незвычайнае, то гэта пэўным чынам характарызуе палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта вельмі недарэчна. Калі нават тое слабое варушэньне насустрач беларускай мове ў грамадзтве ўспрымаецца ледзь не як страшнае злачынства — гэта сьведчаньне таго, да якой сытуацыі Лукашэнка і яго падручныя давялі нашу краіну, у якую сытуацыю яны яе паставілі. Яны самі стварылі гэта. Яны самі зьнішчалі нашу мову і гісторыю, яны настолькі прывучылі Расею да гэтага статус-кво, што калі зараз у грамадзтве пачынаецца натуральная цікаўнасьць да мовы і гісторыі, то цяпер у Расеі гэта пачало ўспрымацца як нешта дзіўнае і небясьпечнае. Абсалютна натуральная рэч, што беларусы павінны размаўляць па-беларуску, беларусы павінны ведаць сваю мову, успрымаецца як сьмяротная небясьпека. І гэта можна назваць злачынствам Лукашэнкі і ягонай клікі», — кажа ён.

Зь іншага боку, зьяўленьне такіх матэрыялаў — гэта яшчэ і пэўны інструмэнт ціску Масквы на Лукашэнку, мяркуе Статкевіч:

«Зьяўленьне такіх матэрыялаў — гэта невыпадкова. Па-першае, гэта крамлёўская ўлада трохі палохае Лукашэнку, каб быў больш згаворлівы і хутчэй здаваў незалежнасьць, якую ён і так вельмі даўно здае часткамі. Па-другое, на ўсялякі выпадак, калі ён будзе ўпарціцца, ужо рыхтуюць матэрыялы, каб выкінуць іх з маргінальных выданьняў у тэлевізійныя каналы, калі раптам прыйдзецца абгрунтоўваць, што Лукашэнку трэба прыбіраць, бо ён нешта тармозіць са здачай Беларусі», — кажа палітык.

Гайдукевіч: Чамусьці лічаць, што Беларусь — гэта нейкі прыдатак Расеі. Ну трызьненьне ж!

Сяргей Гайдукевіч

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч заклікае не зьвяртаць увагі на такія публікацыі ў расейскіх выданьнях:

«У Расеі заўсёды былі сілы, якія ніяк не маглі зразумець, што ёсьць сувэрэнная дзяржава, якая мае свае ўласныя інтарэсы, сваю родную мову і гісторыю. Таму зьвяртаць на гэта ўвагу зусім ня трэба. У любой дзяржаве ёсьць нейкія плыні, нейкія думкі. Гэта нават не правакацыя, гэта штодзённае жыцьцё некаторых палітычных сілаў. Чамусьці лічаць, што Беларусь — гэта нейкі прыдатак Расеі. Ну трызьненьне ж!», — кажа ён.

Гайдукевіч падкрэсьліў, што ня бачыць у Беларусі ніводнай палітычнай сілы, якая б гатовая была падтрымаць падобную рыторыку і ахвяраваць сувэрэнітэтам краіны:

«Нават нас часам вінавацілі ў залішніх кантактах з Расейскай Фэдэрацыяй. Але ў нас няма чалавека, які не разумеў бы, што самае сьвятое для беларусаў — гэта сувэрэнітэт. Мы заўсёды казалі, што асновай усяго павінен быць сувэрэнітэт. Я не зьбіраюся зьвяртаць увагу на тое, чаго ніколі ня будзе. Я не зьбіраюся зьвяртаць увагу на ўкід інфармацыі праз расейскія сайты, каб мы тут унутры пачалі нейкія разборкі. Рэспубліка Беларусь — гэта сувэрэнная незалежная дзяржава, і ніколі па-іншаму ня будзе», — заявіў ён.

Янукевіч: Усё гэта досыць небясьпечна

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што зьяўленьне падобных публікацыяў — гэта стандартная інфармацыйная атака на Беларусь.

«Гэта зьвязана з тым, што, з аднаго боку, Крэмль хоча ад Аляксандра Лукашэнкі дамагчыся большых саступак у эканамічных пытаньнях, і вось такая інфармацыйная атака — адзін з інструмэнтаў ціску на кіраўніцтва сёньняшняй Беларусі. Зь іншага боку, безумоўна, ва ўмовах той імпэрскай эўфарыі, якая сёньня пануе ў Расеі, гэта таксама сродак разагрэву грамадзкай думкі ў дачыненьні да Беларусі ў кантэксьце нейкіх магчымых несяброўскіх дзеяньняў і захадаў расейскага кіраўніцтва. Каб грамадзкая думка ўжо была разагрэтая і людзі ня думалі, што, маўляў, беларусы — гэта нашы самыя блізкія браты, а мы тут зь імі сварымся. Я думаю, што ўсё гэта досыць небясьпечна», — упэўнены палітык.

Лябедзька: Мы ў стане інфармацыйнай вайны

Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыіАнатоль Лябедзька падкрэсьлівае, што нацыянальная інтарэсы Беларусі ўсе павінны паважаць і трэба быць гатовымі бараніць іх.

«Трэба прызнаць, што мы фактычна знаходзімся ў стане інфармацыйнай вайны, якая ідзе і якая будзе толькі ўзмацняцца. А гэта выклік і дзяржаве, і грамадзянскай супольнасьці. Ці можа тут быць нешта супольнае (ці могуць дзяржава і грамадзтва аб’яднаць намаганьні ў пляне супрацьстаяньня інфармацыйнай атацы. — РС)? Пакуль цяжка сказаць. Але тое, што грамадзянская супольнасьць павінна паводзіць сябе больш актыўна, больш актыўна працаваць зь людзьмі, у якіх не хапае інфармацыі, — мне гэта абсалютна відавочна», — кажа ён.

ІК, Радыё Свабода