Статкевіч: «Мы будзем супрацьдзейнічаць незаконнаму рэферэндуму»
Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу, экс-палітвязень Мікола Статкевіч распавёў belsat.eu пра свае палітычныя планы на бліжэйшы час. Перадусім, ён акцэнтуе ўвагу на супрацьдзеянні рэферэндуму, які, імаверна, рыхтуюць улады.
Сем заяўнікаў ад сямі арганізацыяў, сярод якіх Партыя БНФ, Рух «За свабоду» і іншыя, на мінулым тыдні звярнуліся ў Менгарвыканкам з просьбай дазволіць мітынг і шэсце на 26 красавіка. У гэты дзень беларуская апазіцыя традыцыйна праводзіць Чарнобыльскі шлях. Сёлета арганізатары хочуць сабрацца а 18-й гадзіне на прыступках Акадэміі навук у Менску і адтуль прайсці да Чарнобыльскай капліцы ў Парку дружбы народаў, дзе адбудзецца мітынг-рэквіем. Адказу гарадскіх уладаў пакуль няма.
Мы запыталі ў Міколы Статкевіча, ці плануе ён з паплечнікамі далучыцца да Чарнобыльскага шляху-2018.
«Ужо гадоў дзесяць ніхто не дазваляе сабрацца людзям ля Акадэміі навук, максімум – збор ля кінатэатру «Кастрычнік». Пад лесвіцай яны будуць нешта балбатаць, а зверху за імі будуць сачыць міліцыянты. Пагаджацца на такія ўмовы – значыць, не вельмі сябе паважаць. Але давайце дачакаемся адказу Менгарвыканкаму, а потым будзем каментаваць фармат», – адказаў Статкевіч.
Паводле яго словаў, галоўнай палітычнай падзеяй, ад якой варта адштурхоўвацца, з’яўляецца рэферэндум.
«Мы будзем супрацьдзейнічаць незаконнаму рэферэндуму. Калі да 26 красавіка стане вядомая дата і вынесеныя на галасаванне пытанні, мы скарыстаемся для пратэсту ў тым ліку Чарнобыльскім шляхам», – гаворыць ён.
Статкевіч не адмаўляецца і ад правядзення 1 траўня акцыі супраць рэферэндуму, але падрабязнасці пакуль не раскрывае.
«Адзінае, чаго баіцца ўлада, адзіны сродак супраць яе, які мае грамадства – гэта масавы пратэст. Ён не толькі падрывае саму ўладу, але і разбурае яе канструкцыі пра лібералізацыю, падрыхтаваныя для Захаду. Калі на рэферэндуме паставяць пытанне аб падаўжэнні прэзідэнцкага тэрміну, то 7 гадоў могуць пачаць лічыць ад моманту рэферэндуму. Значыць, наступныя выбары адбудуцца толькі ў 2025 годзе», – мяркуе палітык.
У інтэрв’ю belsat.eu Статкевіч пералічыў «галоўныя прыкметы таго, што рыхтуецца рэферэндум».
«Па-першае, ідзе штучны разагрэў эканомікі шляхам улівання грошай у некаторыя прадпрыемствы. Па-другое, дыскрэдытацыя пратэсту рукамі персон, якія выступаюць за паляпшэнне рэжыму. Яны ж і правялі маштабную акцыю па дыскрэдытацыі пратэставага шэсця 25 сакавіка. Улада таксама праверыла СМІ на лаяльнасць, асабліва тыя, якія працуюць у беларускім сегменце інтэрнэту. Зачыстка інфармацыйнага поля атрымалася. Я маю на ўвазе выпадкі, калі недзяржаўныя СМІ перадавалі абразлівыя выказванні гэтых персонаў на адрас прыхільнікаў шэсця», – кажа Статкевіч.
Нагадаем, сам Статкевіч быў затрыманы міліцыяй 25 сакавіка на выхадзе з дому. Яму далі 10 содняў арышту, пратрымалі да канца дня ў ізалятары, але ўвечары адпусцілі. Усяго на Дзень Волі сёлета затрымалі каля сотні чалавек, збольшага – тых, хто прыйшоў на Плошчу Якуба Коласа, адкуль мелася стартаваць несанкцыянаванае шэсце. Статкевіч сцвярджае, што 6 красавіка атрымаў позву ў суд на 5 красавіка. Імаверна, паседжанне прайшло завочна, рашэнне суду яму невядомае.
***
Інфармацыя аб рэферэндуме па зменах у Канстытуцыю неаднаразова з’яўлялася ў СМІ за апошні месяц. Пра яго казала і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, і міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Паводле слоўЯрмошынай, падрыхтоўка можа заняць усяго 70 дзён і праведзены ён будзе «на пазабюджэтныя сродкі». У сваю чаргу, у інтэрвʼю тэлеканалу Euronews кіраўнік беларускага МЗС пацвердзіў, што ўлады задумваюцца над магчымым змяненнем Канстытуцыі. Канкрэтныя пытанні, якія будуць вынесеныя на галасаванне, пакуль не паведамляюцца.
Вядома, што яшчэ ў 2016 годзе партыя ЛДП прапанавала правесці рэферэндум аб падаўжэнні тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў – з 5 да 7 гадоў. Афіцыйнага пацверджання, што ўлады гэтую ідэю ўхвалілі, на сённяшні дзень няма.
24 красавіка Лукашэнка выступіць са зваротам да Нацыянальнага сходу. Эксперты мяркуюць, што менавіта падчас гэтага выступу кіраўнік дзяржавы агучыць дату рэферэндуму і пытанні.
Кацярына Андрэева, belsat.eu