Выбары

Статкевіч: Нават месца ў сельсавеце не далі прыхільнікам «мірных пераменаў». Адзіны рычаг — вуліца

Герой «Інтэрвію тыдня» — палітык Мікола Статкевіч, нядаўна зноў пераабраны старшынём БСДП (Народная Грамада). Ён сьцьвярджае, што зарэгістраваныя партыі толькі імітуюць гульню ў апазыцыю, тлумачыць, чаму важна працягваць вулічны ціск, і заяўляе, што ўладу не выпрошваюць, а забіраюць.

Апазыцыйныя партыі гуляюць у гэтую бясконцую гульню, імітуюць «апазыцыю яго вялікасьці»

— 25 лютага вас пераабралі на старшыню аргкамітэту БСДП (Народная Грамада) таемным галасаваньнем, у якім узялі ўдзел 52 дэлегаты. Але вы адразу заявілі, што ня будзеце спрабаваць зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі. Чаму? Колькі ў вас цяпер у партыі сяброў?

— У нас дастаткова людзей, каб сабраць неабходную тысячу сяброў для рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі. Але ў гэтым тысячагодзьдзі яшчэ не было выпадкаў рэгістрацыі ў Беларусі палітычнай партыі. І атрымліваецца, што спроба падачы на рэгістрацыю — гэта платны данос. Вы даяце ўладам сьпіс сваіх сяброў зь месцам жыхарства, плаціце за гэта грошы — і потым рэпрэсіўны апарат пачынае «працаваць» з гэтымі людзьмі. Пасьля такіх спробаў рэгістрацыі да траціны свайго складу губляюць партыі, якія на гэта ішлі.

Мы адпачатку ад гэтага адмовіліся. Мы перайшлі да фармату «аргкамітэту». Дадалі да ўсіх партыйных органаў дадатак «арг-». У нас гвалтоўна, незаконна на пачатку 2005 году забралі рэгістрацыю, таму што партыя і кааліцыя, якую яна ўтварыла, вылучалі мяне кандыдатам у прэзыдэнты. Мяне пасадзілі на «хімію», а ў партыі забралі рэгістрацыю.
Але партыя — гэта людзі, і мы засталіся. І мы дзейнічаем. Фармат дзеяньня без рэгістрацыі — гэта зусім іншы вынік. Калі трэба — мы зьяўляемся, і гэта бывае сюрпрызам. Мы не падаём дакумэнты яшчэ і таму, што партыя — на вастрыні барацьбы. Партыя была ініцыятарам стварэньня Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

І вось як улада ўспрымае спробы падаць на рэгістрацыю? Вось сядзіць недзе ў 1943 годзе нямецкі камэндант. І раптам да яго прыходзіць камандзір партызанскага атраду і кажа: «Слухай, мне там трэба мост узарваць, на чыгунцы. А там твае патрулі. Дык ты мне аўсвайс дай, каб мае партызаны спакойна да моста прайшлі». Таму пры гэтай уладзе мы не спадзяёмся атрымаць гэтую паперку.

Мы бачым, як абмяжоўваюць сабе ў паводзінах зарэгістраваныя партыі, якія гэты «аўсвайс» маюць. Яны на ніякую «чыгунку» ня ходзяць. Так што, па сутнасьці, пасьведчаньні аб рэгістрацыі — гэта як савецкі жарт — мужчыну даць паперку, што ён можа ў жаночую лазьню хадзіць.

— Як зарэгістраваныя партыі абмяжоўваюць сябе ў сваіх дзеяньнях? Па-вашаму, яны нейкія не сапраўдныя апазыцыянэры?

— Яны гуляюць у гэтую бясконцую гульню, імітуюць «апазыцыю яго вялікасьці». Яны ўдзельнічаюць у гэтых выбарах. Я не кажу, што ня трэба ўдзельнічаць. Але трэба годна выходзіць з гэтай кампаніі. Калі ў вас адабралі перамогу, як вы лічыце — то пратэстуйце. У нас застаўся зараз адзіны дзейсны палітычны рычаг — гэта вуліца. Усе астатнія — дапаможныя.

За 5 гадоў, пакуль я быў у зьняволеньні, у цэнтры Менску апазыцыйныя партыі не правялі ніводнага мітынгу. Гэта што? Яны ўжо такія завіткі, адміністратыўныя ўпрыгожваньні на фасадзе гэтага рэжыму. Робяць заявы, ходзяць на выбары, вяла імітуюць удзел у гэтых выбарах. Яны ўжо развучыліся называць рэчы сваімі імёнамі.

Столькі гадоў існуе гэтая ўлада, і людзі ж не жалезныя. Яны стамляюцца, пачынаюць шукаць, як бы абысьці балючыя вуглы, дзе можна атрымаць па галаве. Такая рэальнасьць.

Статкевіч на «Маршы абураных беларусаў» у кастрычніку 2017

Статкевіч на «Маршы абураных беларусаў» у кастрычніку 2017

Калі ў краіне ніхто не пратэстуе, значыць, «усе згодныя» — людзі так гэта ўспрымаюць

— Пасьля вызваленьня вы сапраўды вярнулі ў парадак дня вулічны пратэст. Але і ён мае свае прылівы і адлівы. Год таму быў выбух актыўнасьці, зьвязаны зь «недармаедзкімі» маршамі, але на дадзены момант, відавочна, зноў назіраецца адліў, і вашы апошнія акцыі сабралі зусім няшмат людзей. Ці ўлічваеце вы гэта, калі кажаце, што «вуліца» — гэта адзіны рычаг?

— Калі няма выбараў, калі ў краіне дыктатура, то абавязак тых, хто называе сябе дэмакратычнымі палітыкамі, — змагацца супраць гэтага адкрыта і публічна. І словам, і справай. А сярод спраў у нас засталіся толькі гэтыя акцыі — колькі б на іх ні выходзіла людзей. У 1968 годзе пратэставаць супраць акупацыі Чэхаславаччыны выйшлі 5 чалавек. І гэта мела магутны эфэкт.

Калі ў краіне ніхто не пратэстуе, значыць, «усе згодныя» — людзі так гэта ўспрымаюць. Рэзананс ад палітычнага пратэсту нашмат перавышае колькасьць удзельнікаў.

Вы казалі пра нашу апошнюю акцыю. Беларуская ўлада таксама навучылася рэагаваць. Улада абвяшчае, што з 1 кастрычніка будзе ўведзеная новая вэрсія дэкрэту аб дармаедах. 21 кастрычніка Беларускі нацыянальны кангрэс абвясьціў марш пратэсту супраць гэтага. Што робіць улада? Адкладае на вясну. Або ўзьнікае тэма забойстваў салдатаў у войску. І як толькі мы сказалі, што гэтая тэма прагучыць на маршы 21 кастрычніка, тут жа адрэагаваў галоўны начальнік.

Людзей супакоілі, і пад халодны дождж выйшла 200 чалавек. А хто зьбіраў больш, з усіх зарэгістраваных партый, у цэнтры Менску на несанкцыянаваную акцыю? Зараз людзі гатовыя выходзіць на вуліцу, пратэст сьпее. І калі дэмакратычная апазыцыя не адкажа на гэты выклік, калі яна ня стане наперадзе гэтага пратэсту — то стане нехта іншы. Калі вы назвалі сябе апазыцыйным палітыкам ці лідэрам — давайце, вядзіце, змагайцеся за свабоду.

— У рэзалюцыі зьезду сказана — «Мы не рыхтуем рэвалюцыю, бо разумеем усе небясьпекі гвалтоўных сцэнараў. Рэвалюцыю сваёй антынароднай безадказнай палітыкай рыхтуе сам рэжым. Калі ён адмовіцца ад саступак грамадзтву і сваімі дзеяньнямі штурхне людзей да масавых выступаў, надзвычай важна будзе скіраваць пратэсты дзеля пабудовы вольнай і пасьпяховай Беларусі». Але мы бачым (і пра гэта вы кажаце ў нашай размове), што рэжым часам здольны ўдала рэагаваць на пэўныя падзеі. Ці азначае гэта, што ўлада можа адэкватна адказваць на нейкія выклікі?

— Гэты рэжым пабудаваны на татальным кантролі. У тым ліку за эканамічным жыцьцём краіны. Бо гэта дае кантроль палітычны. Кантракты, якія можна не працягваць без тлумачэньня прычынаў, ідэолягі, бюджэтнікі — удзельнікі выбарчых камісій. А пры такім кантролі над эканомікай стагнацыя непазьбежная. Рэсурсы, атрыманыя ад продажу сувэрэнітэту кавалкамі Расеі, ужо вычарпаліся. Дэградацыя і канец мадэлі, якую навязаў краіне Лукашэнка, непазьбежныя. Улада можа адкласьці гэты канец, адмяняючы свае найбольш адыёзныя рашэньні пад ціскам грамадзтва. Але, мабыць, ужо ненадоўга.

Мікалай Статкевіч выйшаў на волю з турмы на Акрэсьціна, травень 2017

Мікалай Статкевіч выйшаў на волю з турмы на Акрэсьціна, травень 2017

 Хадзіць і выпрошваць сабе кавалачак улады, як паказалі мінулыя «выбары», — гэта занятак прыніжальны і беспэрспэктыўны

— Як набліжаць гэты «канец»? Ёсьць варыянт «мірныя перамены», і ёсьць падыход ваш — вулічнага ціску на ўладу. Але вы самі кажаце ў рэзалюцыі, што «не рыхтуеце рэвалюцыю». Як тады гэтыя перамены могуць адбыцца?

— Якраз гэты ціск і ёсьць рэальная барацьба за мірныя перамены. Бо перамен дасягаюць толькі змаганьнем. Калі вялікая колькасьць людзей будзе гатовая да пратэсту і пакажа свой пратэст, то ўлада можа пайсьці на саступкі.

Хадзіць і выпрошваць сабе кавалачак улады, як паказалі мінулыя «выбары», — гэта занятак прыніжальны і беспэрспэктыўны. Нават месца ў сельсавеце не далі прыхільнікам «мірных пераменаў». Бо ўладу не выпрошваюць, уладу забіраюць, або пад ціскам прымушаюць аддаць кавалак. Калі мірныя перамены не спрацуюць, — тады адбудуцца больш жорсткія сцэнары.

Рэвалюцыю немагчыма падрыхтаваць, яна сьпее ўнутры грамадзтва. і адбываецца іншым разам нечакана для самога грамадзтва. Але да гэтага моманту мы павінны быць падрыхтаваныя. Мець аўтарытэт у грамадзтве як сіла, якая абараняе інтарэсы людзей. І гэта вельмі важна, бо рэвалюцыя можа быць разбуральнай, можа прывесьці да гібелі дзяржавы. І можа даць штуршок да моцнага і хуткага разьвіцьця Беларусі. Вельмі важна, кім і куды яна будзе скіраваная.

Другі складнік — нам трэба сфармаваць новую большасьць. Большасьць супраць улады, за нармальнае разьвіцьцё краіны.

Цяпер ня час для асобных партый. Цяпер час для агульнай апазыцыі. Мы паспрабавалі стварыць два гады таму аб’яднаную кааліцыю ўсіх дэмакратычных сілаў. Гэта не атрымалася, з прычыны стану шмат якіх беларускіх апазыцыйных партый. Але найбольш жывое і здаровае нам аб’яднаць удалося. Але мы хацелі б захоўваць тое, што было напрацавана за апошнія гады — партыйныя ідэалёгіі, праграмы, сувязі. Таму наша партыя захоўвае сябе, але на першае месца ставіць аб’яднаньне дэмакратычных актывістаў самых розных кірункаў.

Віталь Цыганкоў 

Радыё Свабода