Навіны

Статкевіч ня трапіць пад амністыю

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікола Статкевіч не пападзе пад амністыю, якую хочуць правесьці ў Беларусі ў сувязі зь сямідзесяцігодзьдзем вызваленьня краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гэта вынікае з адпаведнага законапраекта, які сёньня прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытаньні.

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, выступаючы перад дэпутатамі, сказаў, што адметнасьць гэтай амністыі, у адрозьненьні ад папярэдніх, заключаецца ў тым, што пашыраная катэгорыя суб’ектаў, якія не трапляюць пад умовы амністыі. Тым ня менш, паводле міністра, з калёній і сьледчых ізалятараў закрытага тыпу будзе выпушчана на волю каля дзьвюх тысяч ста чалавек, а з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — прыкладна каля шасьцісот трыццаці чалавек.

Міністар выказаў упэўненасьць, што іх выхад на волю не паўплывае на крымінальную сытуацыю ў краіне.

У сьпісе артыкулаў Крымінальнага кодэкса, асуджаныя па якіх будуць амніставаныя, няма артыкула аб масавых беспарадках, паводле якога Мікола Статкевіч быў засуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Не трапіць пад амністыю і старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. У 9-ым арыткуле законапраекта прадугледжана, што амністыя не распаўсюджваецца на асобаў, якія “злосна парушаюць усталяваны парадак падчас адбыцьця пакаранья”.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода