Актуальна

Статкевіч: «Перамены будуць па-любому!»

Самотна Аляксандру Лукашэнку на наступных выбарах не будзе. Са сваймі кандыдатамі на прэзідэнта вызначаецца апазіцыя. Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) вылучыць выканаўцу абавязкаў старшыні АГП Мікалая Казлова. А аргкамітэт па стварэнні партыі «Народная грамада» прапанаваў свайго старшыню – Міколу Статкевіча.

Мяркуецца, што Мікалай Казлоў пазмагаецца за намінацыю ад правацэнтрысцкае кааліцыі з кіраўніком руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам, а таксама сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, якога на праймарыз вылучылі яшчэ ў кастрычніку. Чакаецца, што 17 студзеня Беларускі нацыянальны кангрэс, у які ўваходзіць партыя Статкевіча, правядзе паседжанне, на якім можа быць названы агульны прэтэндэнт на кандыдата ў прэзідэнты ад хаўрусу палітычных сілаў. Паводле закону, працэдура прэзідэнцкіх выбараў мае прайсці не пазней за 30 жніўня 2020-га. У Палату прадстаўнікоў – не пазней за 10 верасня. Не выключана, што адная з кампаніяў можа адбыцца сёлета.

Глядзіце відэа

Мікола Статкевіч, апазіцыйны палітык:

«Партыя Народная Грамада мяне вылучыла і звярнулася да Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, каб ён падтрымаў маю ініцыятыву. 17 студзеня ў 12:00 пачнецца паседжанне, пасля якога вы будзеце ведаць імя кандыдата ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэса. Але партыя сваё слова сказала. Я буду, калі мяне падтрымаюць, заяўляцца на кандыдата ў прэзідэнты. У нас зараз вельмі адказная, выключна драматычная сітуацыя. Лукашэнка завёў краіну ў тупік, 80 адсоткаў беларусаў ненавідзяць дыктатара. Перамены будуць па-любому! Бо іх хоча, прагне народ. Хацелася б, каб гэтыя перамены былі мірныя, каб мы не наклікалі ніякіх умяшанняў вонкавых, каб мы захавалі нашую незалежнасць. Цяпер выбараў няма! І гэта першая задача: вернем выбары, каб перамагчы на іх. Лукашэнка, я ведаю, які ты мужчына, хоць і цягаеш дзяўчат! Здымай сваю судзімасць! Давай вырашым пытанне на сумленных выбарах! Дзеля Беларусі!»

Таксама мы запыталіся на вуліцах Магілёва, ці памятаюць грамадзяне прозвішчы кандыдатаў на прэзідэнта на ранейшых выбарах.

belsat.eu