Навіны

Статкевіч прапануе праверыць Лукашэнку на веданьне беларускай мовы

Мікалай Статкевіч прапануе захады для забясьпячэньня сапраўднай роўнасьці беларускай і расейскай моваў у Беларусі.

Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча, атрымала ад яго адразу некалькі лістоў пасьля працяглай паўзы ў ліставаньні. Паводле Марыны Адамовіч, пад уплывам падзей ва Ўкраіне Мікалай Статкевіч выказаў свае прапановы па забясьпячэньні сапраўднай роўнасьці беларускай і расейскай моваў.

«Такая роўнасьць дэкляравана Канстытуцыяй, але не выконваецца. І вось Мікалай піша: «У сусьветнай практыцы гэта азначае, што грамадзянін мае права кантактаваць з дзяржаўнымі органамі на любой з дзяржаўных моў. Але для гэтага чыноўнікі мусяць ведаць беларускую мову і прайсьці адпаведны тэст. Прыкладам, гэта можа быць пераклад рускага тэксту на беларускую мову ці наадаварот. Ужо неўзабаве ўдачу такога тэсту можна было б зрабіць умовай рэгістрацыі кандыдата на прэзыдэнты і кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту».

Узмацненьне пазыцый беларускай мовы, як лічыць Мікалай Статкевіч, неабходна, каб ў Беларусі не паўтарыўся сцэнар зь «зялёнымі чалавечкамі», разыграны Расеяй ва ўкраінскім Крыме.

«Пра сябе Мікалай Статкевіч напісаў, што сядзіць па-ранейшаму ў адзіночцы і ўжо да гэтага прызвычаіўся», — паведаміла Марына Адамовіч.

Былы дэпутат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых забурэньняў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Палітык сваёй віны не прызнаў. Утрымліваюць Статкевіча ў крытай турме ў Магілёве.

Радыё Свабода