Грамадская акцыя

Статкевіч прыехаў у Берасьце на акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Яго і некалькіх пратэстоўцаў затрымалі

14 кастрычніка на акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Да іх далучыўся адзін з апазыцыйных лідэраў Мікола Статкевіч.

На пачатку акцыі стала вядома пра аднаго затрыманага актывіста — Дзьмітрыя Бекалюка.

Паводле ацэнкі праваабаронцы Рамана Кісьляка, на плошчу ў Берасьці выйшла болей як 120 чалавек.

Акцыя завершылася нестандартна. Каля 13-й гадзіны людзі самі падышлі да аўтазака і спыталіся ў амапаўцаў, ці будуць тыя забіраць блогераў Пятрухіна і Кабанава.

Адразу ж да аўтазака падбегла каля двух дзясяткаў амапаўцаў. Яны схапілі Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, а таксама Міколу Статкевіча.

Аўтазак зьехаў у Ленінскае РАУС. Людзі, якія засталіся, вырашылі ісьці пастарунка, каб падтрымаць затрыманых. Але праз 100 мэтраў два міліцэйскія УАЗы забралі яшчэ двух пратэстоўцаў — Віталя Казака і Ўладзімера Мароза.

Затрымалі таксама Рыгора Пагарцава з «Народнай грамады» і яшчэ дваіх чалавек, імёны якіх пакуль не вядомыя.

А 15-й гадзіне з пастарунка адпусьцілі Дзьмітрыя Бекалюка, затрыманага да пачатку акцыі. Некалькі гадзін ён быў у міліцыі разам са сваім малым сынам.

Сходы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасьці некалькі месяцаў штонядзелі.

Звычайна яны абыходзіліся без затрыманьняў. Людзі зьбіраліся на плошчы «каб пакарміць галубоў» і не выкрыквалі ніякіх лёзунгаў.

Затрымліваць удзельнікаў пачалі цягам апошніх двух тыдняў. Некалькіх пратэстоўцаў аштрафавалі.

10 кастрычніка 7 актывістаў атрымалі папярэджаньні пракуратуры аб недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. У іх ліку і блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў. Пасьля гэтага яны выклалі на сваім канале заклік выйсьці на плошчу.

https://www.svaboda.org/a/29542581.html