Статкевіч стаў лаўрэатам прэміі імя Захаранкі «З адкрытым забралам» (Відэа)
У Мінску 24 лютага аб’яўлены лаўрэат прэміі імя Юрыя Захаранкі «З адкрытым забралам» — паводле вынікаў 2011 года ім стаў былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.
Прэмія імя Захаранкі для Мікалая Статкевіча
Кіраўнік Цэнтра па правах чалавека Раіса Міхайлоўская зачытала ўрывак з выступлення Юрыя Захаранкі. У 1996 годзе ў віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны Захаранка, у той час кіраўнік МУС, сказаў калегам: «Я паднімаю келіх за тое, каб вам ніколі не даводзілася збіваць тых, хто хоча быць чалавекам ва ўласнай краіне, аддаваць чэсць таму, хто яе не мае, фальсіфікаваць справы ў дачыненні да тых, кім павінны ганарыцца».
Як адзначыла Міхайлоўская, удзельнікі камісіі былі аднагалосныя ў тым, што прэмія павінна быць прысуджана Мікалаю Статкевічу. «Гэты чалавек паказаў сілу, мэтанакіраванасць, мужнасць і трываласць. Ён з’яўляецца не толькі палітвязнем. У 1992 годзе ён быў ініцыятарам прысягі ваеннаслужачых на вернасць Беларусі падбел-чырвона-белымсцягам. З таго часу ўсе ваеннаслужачыя прымаюць прысягу на вернасць не Савецкаму Саюзу, а Рэспубліцы Беларусь», — нагадала яна.
Дыплом аб узнагароджанні Статкевіча прэміяй атрымала жонка палітыка Марына Адамовіч. Уручаў дыплом леташні лаўрэат Уладзімір Някляеў. «Калі б цяпер былі рыцарскія часы, то з поўнай упэўненасцю на гербе Мікалая Статкевіча быў бы выгравіраваны дэвіз: «Рыцар без страху і папроку», — сказаў Някляеў. Ён адзначыў, што даслаў у турму, дзе ўтрымліваецца Статкевіч, свой новы зборнік паэзіі, аднак той вярнуўся з пазнакай цэнзара, што ў зборніку змешчаны «антыдзяржаўныя вершы». Някляеў паведаміў, што Статкевіча павіншаваў кароткім вершам Рыгор Барадулін.
Паводле слоў Марыны Адамовіч, Статкевіч знаходзіцца ў турме ў Магілёве. Яму дазволены прагулкі толькі ў суправаджэнні ахоўніка з сабакам. «Тым не менш Мікалай гуляе з сабакамі, таму што ён заўсёды любіў сабак», — сказала яна. Статкевіч утрымліваецца ў двухмеснай камеры, адзначыла жонка палітыка.
Прэмія імя Юрыя Захаранкі «З адкрытым забралам» уручаецца праваабаронцамі і аргкамітэтам па стварэнні руху ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане «Абаронцы Айчыны». У розныя гады яе лаўрэатамі былі палітык і генерал Валерый Фралоў, праваабаронца Гары Паганяйла, экс-кандыдату прэзідэнты Аляксандр Казулін, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, ветэран вайны ў Афганістане Аляксандр Камароўскі, журналіст Аляксандр Тамковіч, экс-кандыдату прэзідэнты і паэт Уладзімір Някляеў.