Статкевіч: У войску баяцца тысячагадовай вайсковай гісторыі Беларусі як чорт ладану
Расейскі палітолаг Валерый Салаўёў сцвярджае, што, паводле закрытага апытання ў беларускім войску, 70-80 % афіцэрскага складу хацелі б аб’яднання з Расеяй. Гэтая інфармацыя занепакоіла Міколу Статкевіча, які накіраваў ліст міністру абароны Андрэю Раўкову. Пра адказ міністра Статкевіч распавядае ў «Гарачым каментары».
Сяргей Падсасонны: Што вам адказаў міністр?
Мікола Статкевіч: Міністр адказаў, што такога апытання не было, і дадаў, што беларускае войска пад кіраўніцтвам свайго камандуючага гатовае бараніць незалежнасць Беларусі ўва ўсіх сітуацыях. Таксама ён выказаў крытыку ў бок падпісантаў – нас было шасцёра, мы скіравалі зварот ад імя рады Беларускага нацыянальнага таварыства, – што такія сумненні не на карысць абароны суверэнітэту Беларусі.
Атрымалася, што вы яшчэ вінаватыя. Але ці войска – сапраўды гарант незалежнасці Беларусі?
Мы не выказвалі ніякіх сумненняў, а проста звярнулі ўвагу на гэтую інфармацыю, на каментар спадара Салаўя, спецыяліста па псіхалагічнай вайне, які ён даў «Еўрарадыё», і запыталіся, ці праводзілася такое апытанне.
Мяне ўсцешыла, што мы атрымалі адказ вельмі хутка – міністр не чакаў адведзенага яму законам тэрміну. Безумоўна, прыемна чуць, што беларускае войска гатовае бараніць незалежнасць Беларусі.
Я дапускаю, што Міністэрства абароны не праводзіла гэтага апытання, але ўпэўнены, што ацэнка сітуацыі беларускага войска з боку расейскіх спецслужбаў ладзіцца пастаянна. Мы таксама ацэньваем сітуацыю пастаянна: калі звесткі спадара Салаўя завышаныя, то не нашмат.
На жаль, сітуацыя складваецца так, што можа паўтарыцца тое, што было ў Крыме, калі большасць украінскага войска парушыла прысягу і стала на бок агрэсара. Прычыны гэтага закладзеныя самім галоўнакамандуючым: дваццаць год ён пераконваў беларусаў, што мы – [расейцы] са знакам якасці, што нам трэба аб’ядноўвацца, што ён гатовы паўзці на каленях у Крэмль. У вайсковыя вучэльні ішлі вучыцца людзі, якія ведалі, што войска гатовае аб’ядноўвацца з расейскім, што мы – дзяржава, якая знікне.
Складваецца такая сітуацыя, што беларускае войска не гатовае бараніцца з усіх напрамкаў. Прынамсі, з таго напрамку, які на сёння – найбольш небяспечны: з Усходу.
Безумоўна, нас гэта турбуе – як патрыётаў, як мужчынаў, якія мусяць бараніць сваю краіну. Згодна з 57-м артыкулам Канстытуцыі гэта наш святы абавязак – бараніць незалежнасць краіны.
Мы б хацелі, але не можам верыць аптымізму спадара міністра. Сэнс нашага паслання: трэба нешта рабіць. Мы гатовыя прапанаваць.
7 снежня збярэцца рада БНК, мы параімся, магчыма створым якую-небудзь грамадскую інстытуцыю, мы распрацуем прапановы, якія падамо міністэрству абароны. Гэта не бяда дзяржавы або міністэрства абароны, а ўсёй краіны – тое, што яна безабаронная.
Я супраць любых дыялогаў з гэтай уладаў без патрабавання дэмакратызацыі, акрамя аднаго напрамку – абароны незалежнасці. Калі ёсць такая пагроза, мусім размаўляць, не вылучаючы такіх патрабаванняў.
Але ці гэтая ўлада хоча бараніць незалежнасць?
Спадар Лукашэнка разглядае краіну і людзей як маёмасць. Бараніць маёмасць – гэта нармальна. Але не любым коштам: паміраць за маёмасць нармальны чалавек не будзе.
Што цяпер трэба зрабіць?
Усё пачынаецца з выхавання войска і ягонага матэрыяльнага ўтрымання. Выхаванне войска павіннае быць скіраванае на гатовасць да абароны незалежнасці з усіх бакоў, і абапірацца на тысячагадовую вайсковую гісторыю Беларусі, якую чамусьці ў войску баяцца як чорт ладану.
Калі ўлада не прыме нашыя прапановы, мы будзем вымушаныя звяртацца да грамадства. Мы не зможам забяспечыць войска матэрыяльна, але разам з грамадствам мы зможам нешта іншае: падвысіць гатовасць людзей бараніць Радзіму.
А ці беларускае грамадства гатовае бараніць краіну?
Мінімум 25 % гатовыя бараніць. Калі браць здаровых мужчынаў, адсотак будзе вышэйшым. Значная частка гатовая – і гэтага будзе дастаткова, каб адбіць ахвоту ў агрэсара.
Але мы павінныя паказаць гэтую нашую гатовасць.
Тут ёсць агульны інтарэс і для ўлады, якой трэба абараняць захопленую маёмасць. А для нас гэтая маёмасць – краіна. Найперш мы хочам захаваць незалежнасць. Калі ў нас будзе свой дом, раней ці пазней мы навядзем парадак у ім, вычысцім яго і зробім там нармальнае жыццё. Зараз галоўнае – захаваць сцены. І тут я гатовы размаўляць хоць з чортам лысым.
Ці хопіць матэрыяльнай і тэхнічнай базы войска для магчымай абароны?
У параўнанні з расейскім войскам беларускае – нашмат слабейшае. Шмат гадоў я казаў пра гэта – і галоўнакамандуючы цяпер выкарыстоўвае гэты выраз – калі тут будзе гатовасць да супраціву, сюды не палезуць.
Данбас-2 нікому не патрэбны, Крым-2 – так.
Данбас-2 нікому не патрэбны, Крым-2 – так, калі свайму грамадству будзе трэба паказаць нейкі поспех, каб кінуць нешта для ўзбуджэння энтузіязму, каб нармальна прайсці прэзідэнцкія выбары. Нам трэба паказаць, што мы тут будзем змагацца. Мы павінныя быць гатовыя бараніць сваю краіну.
Размаўляў Сяргей Падсасонны