Статкевіч: «Я вітаю вяртаньне Міхалевіча ў Беларусь і гатовы паціснуць яму руку»
Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікола Статкевіч кажа, што зь вялікай павагай ставіцца да Алеся Міхалевіча і вітае ягоны мужны крок — вяртаньне на радзіму.
«Я лічу, што больш за ўсё ў «амэрыканцы» пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ціснулі менавіта на Алеся, зь ім абыходзіліся надзвычай жорстка. І прычына, як ні дзіўна, была ў ягонай больш памяркоўнай пазыцыі сярод усіх апазыцыйных кандыдатаў, якія ў тых выбарах удзельнічалі. Яго палічылі слабым зьвяном. Я калі чытаў справу, спытаўся ў супрацоўнікаў КДБ, якія былі ў кабінэце: «А што ж так цісьнеце на гэтага хлопца? Мабыць, палічылі, што ён самы слабы, што ён трымае памяркоўную пазыцыю, на плошчу ня кліча?» Яны пасьмяяліся і далі зразумець, што гэта сапраўды так. За Плошчу прад’явіць яму няма чаго, ён наагул быў не пры справах.
Алесь у гэтай сытуацыі пайшоў на пэўныя саступкі, ён падпісаў паперы. Але далей ён дзейнічаў, я лічу, вельмі эфэктыўна, годна, мужна. Ён зрабіў адразу ж заяву аб тым, што ён падпісаў паперу. Ён пайшоў на вымушаны крок. Нехта можа пайсьці на такі крок, нехта — не. У кожнага свая тактыка, у кожнага сваё ўяўленьне, што можна, а што ня можна. Але для мяне важна, што ён потым адкрыта заявіў пра катаваньні і тым самым уратаваў шмат каго ад гэтых катаваньняў. Менавіта пасьля ягонай заявы катаваньні ў «амэрыканцы» спыніліся. Ён у той сытуацыі выйшаў, як здолеў, але ягоныя паводзіны былі прадуманыя. Алесь выбраў найбольш, скажам так, хітрую тактыку на выбарах і хітрую тактыку вызваленьня. Пасьля гэтага Алесь вымушаны быў зьехаць за мяжу.
І цяпер мы можам гарантаваць у любым выпадку — у нас жа прынята адзін аднаго прызначаць супрацоўнікамі — што Алесь ня ў іх ліку. Гэта ўжо дакладна. У мяне нават у Шклоўскай калёніі бралі тлумачэньні па яго заяве пра катаваньні. Я пацьвярджаў, што чуў і бачыў, што там адбывалася, бо сапраўды ў турме КДБ ужываліся катаваньні. Там пастаянна чуліся крыкі, лямант. Ад мяне хутка адчапіліся — я ж на галадоўцы быў. А людзі ж расказвалі… Мяне пасадзілі потым у камэру, дзе раней сядзеў Някляеў, і былі пастаянныя вобшукі, людзей ганялі з рэчамі па лесьвіцах, ставілі на расьцяжкі…
І ўжо потым, калі нам сталі прыносіць газэты і мы даведаліся, што Алесь выйшаў і зрабіў заяву, спыніліся гэтыя крыкі, спыніліся маскі-шоў. Спынілася ўсё менавіта пасьля заявы Алеся, я перакананы. Але калі я даведаўся пра гэтую заяву, падумаў: «Хлопец, што яны з табой зробяць?» Бо ў спэцслужбаў, калі хтосьці даў падпіску аб супрацы, а потым публічна заявіў пра гэта, такое лічыцца правалам. У іх потым праблемы ўзьнікаюць, і яны пачынаюць помсьціць. Таму яго ад’езд з краіны быў вымушаны.
Цяпер ён ідзе на рызыку, але ён хоча быць у Беларусі, хоча працягваць сваю дзейнасьць. І, я думаю, ніхто не папракне яго, калі ён вернецца ў беларускую палітыку на адну зь першых роляў. Я лічу, што да яго ніякіх папрокаў быць ня можа.
Я ня думаю, што мерай стрыманьня будзе зьняволеньне. Цяпер проста ідзе рэакцыя, таму што фармальна ён у вышуку. Я думаю, будзе падпіска аб нявыезьдзе, а потым гэтую справу будуць неяк спускаць на тармазах. Праўда, ёсьць рызыка, калі гэтага ня здарыцца да выбараў, то могуць прыдумаць што-небудзь горшае. Але я вітаю Алеся ў Беларусі і гатовы паціснуць яму руку», — сказаў Мікола Статкевіч.