Статкевіч заклікае 25 сакавіка прыйсці да помніка Янку Купалу
Былы палітзняволены Мікалай Статкевіч не здзіўлены, што ўлады зноў адправілі грамадзянаў святкаваць Дзень Волі 25 сакавіка на плошчу Бангалор. І не дазволілі правесці мітынг у парку Янкі Купалы, як планавалі арганізатары мерапрыемства.
Але сам Мікалай Статакевіч плануе прыйсці да помніка нацыянальнаму паэту:
– У гэты выключна важны для нашай нацыі дзень мы павінны ўшанаваць памяць нацыянальнага генія, які шмат зрабіў для таго, каб беларусы сфармаваліся як нацыя, каб Беларусь атрымала незалежнасць. Таму а 17-й гадзіне 25 сакавіка ў парку Янкі Купалы адбудзецца ўскладанне кветак да помніка беларускаму паэту. Мажліва прысутныя захочуць нешта сказаць, у іх будзе такая мажлівасць.
Пасля гэтага Мікалай Статкевіч плануе прайсці па праспекце Незалежнасці да кінатэатра “Кастрычнік”, дзе ўлады дазволілі ў 18 гадзін збор удзельнікаў святкавання. Але на плошчу Бангалор палітык ісці не збіраецца.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск