Выбары

Статкевіча ўсё ж вылучаць на прэзыдэнта

Кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў 2010 годзе, а цяпер палітвязень Мікола Статкевіч будзе бліжэйшым часам вылучаны кандыдатам на прэзыдэнта на выбарах 2015 году «Эўрапейскай кааліцыяй».

Пра гэта Свабодзе паведаміў паплечнік Статкевіча па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Сяргей Скрабец. Ён выказаў жаль, што праект вылучэньня Статкевіча адзіным кандыдатам падтрымала ня ўся апазыцыя.

Сяргей Скрабец тлумачыць затрымку з вылучэньнем Міколы Статкевіча жаданьнем, каб гэтую ідэю падтрымала як мага болей суб’ектаў апазыцыі. Аднак цяпер канчаткова стала зразумела, што дамовіцца не атрымліваецца. Частка апазыцыі заяўляе: трэба праводзіць дзьве розныя кампаніі. Адну — за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта некага іншага, каго Цэнтравыбаркам зарэгіструе; другую — за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, у тым ліку і Міколы Статкевіча.

Мечыслаў ГрыбМечыслаў Грыб

Так, прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечыслаў Грыб пацьвердзіў Свабодзе, што ягоная партыя супраць вылучэньня палітвязьня адзіным кандыдатам. Маўляў, Цэнтравыбаркам паводле дзейнага заканадаўства не зарэгіструе кандыдатам ня толькі самога Міколу Статкевіча, які дагэтуль за кратамі, але і ягоную ініцыятыўную групу. А бяз гэтага зьбіраць подпісы за Статкевіча, не парушаючы заканадаўства, немагчыма:

«Мы безумоўна за яго вызваленьне. І гатовыя ўдзельнічаць у любых пікетах, у іншых акцыях. Але што тычыцца вылучэньня Статкевіча кандыдатам на прэзыдэнта, то мы гэтую ідэю не падтрымліваем. Гэта — утопія. На погляд сяброў нашай партыі, яна на сёньняшні дзень ня мае ніякай пэрспэктывы.

Гэта марная трата часу, сродкаў. І самае галоўнае — мы ня ўпэўненыя, што гэта дапаможа яго хутчэй вызваліць».

Сяргей СкрабецСяргей Скрабец

Сяргей Скрабец лічыць, што з такімі аргумэнтамі можна пагаджацца, калі б выбары ў Беларусі былі празрыстымі і справядлівымі. Таму паплечнікі Статкевіча гатовыя прадстаўляць яго як кандыдата ад часткі апазыцыйных сілаў:

«Як мы і плянавалі, „Эўрапейская кааліцыя“ будзе вылучаць Статкевіча кандыдатам. Пакуль ён будзе прадстаўляць толькі „Эўрапейскую кааліцыю“. Але ўсе ахвотныя могуць далучыцца да гэтага працэсу.

Наша партыя таксама ўваходзіць у эўрапейскую кааліцыю. І мы выступаем ініцыятарамі вылучэньня. Нас падтрымліваюць „Малады фронт“, Партыя свабоды і прагрэсу Навасяда, рух салідарнасьці „Разам“ Сіўчыка, жаночая ліга Стужынскай і частка партыі БХД на чале з Паўлам Севярынцам. Яны ўсе падтрымліваюць адзіным кандыдатам Статкевіча».

Цікаўлюся ў Сяргея Скрабца, колькі, на ягоны погляд, можа быць кандыдатаў на сёлетніх выбараў ад дэмсілаў:

«Лябедзька ідзе. Я ня вельмі зьдзіўлюся, калі і Калякін вылучыцца і прапануе сябе кандыдатам ад левых сіл. Кандыдатаў можа быць пяць. І ўсе будуць называць сябе адзінымі і супэрадзінымі. Кастусёў, Анісім…»

Апазыцыя, як і на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, ня можа спыніцца на адной кандыдатуры, канстатуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар КласкоўскіАляксандар Класкоўскі

«Што тычыцца вылучэньня Статкевіча, то гэта ўсё выглядае прыгожа і высакародна. Але першае пытаньне: хіба нельга было сёньня і нават учора ставіць рубам пытаньне аб вызваленьні Статкевіча? Гэты праект мог набыць моц і сапраўды выглядаць прыгожым сымбалем, калі б яго падтрымала ўся апазыцыя. І хоць зразумела, што рэжым ня пойдзе на тое, каб вызваліць, а тым болей зарэгістраваць Статкевіча, такі падыход паказаў бы як мінімум адзінства апазыцыі. Гэта тое, чаго ёй хранічна нестае і на чым яна фактычна страціла свой маральны аўтарытэт. Менавіта праз сваю разьяднанасьць.

Але сёньня, калі ўжо вядома, што гэтая ідэя не праходзіць і будзе ўзьнята на шчыт толькі невялікай часткай апазыцыі, можна прагназаваць, што гэта толькі падалье алею ў агонь і распаліць міжусобіцу. Бо адны будуць кідаць камяні ў іншых, што вы здраднікі, што вы забыліся пра палітвязьняў, што вы пайшлі гуляць у гульні з рэжымам. А з таго боку будзе чутно: а вы маргіналы, таму вы схаваліся, як за шчыт, за фігуру Статкевіча, а фактычна сышлі ў кусты.

У прынцыпе, любы агульны сцэнар, любая агульная стратэгія — гэта быў бы непараўнальна мацнейшы ход, чым разьяднанасьць апазыцыі. Бо гэта тое, што падсякае яе пад корань».

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода