ГомельЗОНАПалітвязні

Статкевіча няма на судовых пасяджэннях

У першыя дні, калі судовы працэс над фігурантамі гучнай крымінальнай справы толькі пачынаўся, на вуліцу Кніжную ў Гомелі, дзе знаходзіцца СІЗА-3, прыязджала і Марына Адамовіч, жонка палітыка Мікалая Статкевіча.

– Я не магла не прыехаць, – расказвала тады Марына журналісту «Народнай Волі». – Суд закрыты, але буду хоць побач, наколькі гэта будзе магчыма. Мікалай мне раней напісаў, што адмовіўся нават ад знаёмства з гэтай справай. Зрабіў заяву, у якой крымінальную справу назваў цалкам сфальсіфікаванай. Лічыць гэта, скажам так, злачынствам і саўдзельнічаць у ім не збіраецца. Мне вядома, што ён і ў суд накіраваў заяву аб тым, што не збіраецца ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

Мікалая Статкевіча, наколькі вядома, абвінавачваюць толькі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». Суд хоць і аб’яўлялі закрытым, але на яго дапусцілі ў СІЗА прадстаўніцу афіцыйнага выдання «СБ. Беларусь сегодня». З відэасюжэта стала вядома, што Статкевіч, увайшоўшы ў залу, дзе пачынаўся працэс, выгукнуў: «Жыве Беларусь!»

Нядаўна Марына Адамовіч паведаміла ў медыях, што атрымала адразу два лісты ад мужа, упершыню з 24 чэрвеня. У іх Мікалай піша, што не прысутнічае больш на судзе. Мікалай надзвычай паслядоўны. Ён яшчэ на стадыі знаёмства з матэрыяламі справы, як і казала Марына, прыйшоў да высновы, што справа цалкам сфальсіфікавана. Палітык стаў знаёміцца з ёю і напісаў заяву, што ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях не будзе. Аднак, паведаміў зараз у лісце Статкевіч, яго па першым часе тры разы ўпарта дастаўлялі на пасяджэнні, а пасля выдалялі з залы суда. На чацвёрты дзень працэсу выдалілі на ўсе наступныя пасяджэнні – ажно да судовых спрэчак.

Марына дадае, што Мікалай абавязкова піша ёй два лісты на тыдзень. Пэўна, яшчэ як мінімум пару лістоў турэмная цэнзура не прапусціла.

Палітыка затрымалі ў Мінску 30 траўня 2020 года. Статкевіча двойчы пакаралі 15-суткавым арыштам, а пасля перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачанне паводле ч.1 арт.293. З Ціханоўскім Мікалай быў знаёмы павярхоўна, астатніх не ведаў. Незразумела наогул, што звязвае фігурантаў гучнай крымінальнай справы, паколькі не ўсе яны былі нават знаёмыя паміж сабой. Пра гэта яны пісалі ў лістах на волю.

Раней, на выбарах 2010 года, Мікалай Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. Палітыка затрымалі адразу пасля Плошчы-2010, а ў траўні 2011 года асудзілі на 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мікалай не пісаў прашэння аб памілаванні, пацвердзіў інфармацыю пра катаванні, якую агучыў Алесь Міхалевіч. На волю Статкевіч выйшаў 22 жніўня 2015 года на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. З таго часу неаднаразова затрымліваўся сілавікамі і адбываў адміністрацыйныя пакаранні. Цяпер Мікалая судзяць у гомельскім СІЗА.

nv-online.info