Навіны

Статкевіча працягваюць трымаць у інфармацыйнай аблозе

Міколу Статкевіча працягваюць трымаць у інфармацыйнай аблозе. Пра гэта палітычны зняволены экс-кандыдат у прэзідэнты напісаў у сваім лісце да жонкі Марыны Адамовіч.

Па-ранейшаму цэнзура не прапускае яго лістоў, палітыку не перадаюць газет, якія ён выпісвае.

Марына Адамовіч 12 красавіка наведала магілёўскую турму, дзе ўтрымліваецца палітык, і сустрэлася з прадстаўнікамі яе адміністрацыі:

– Не даходзіць прэса, прынамсі “Наша Ніваі Новы час, чамусьці гэтыя газеты, якія для яго выпісваюць не даходзяць. Яму дастаўляюць толькі фірмовы рэдакцыйны канверт “Нашай Нівы”. Па маіх звестках ён атрымаў толькі па аднаму нумару гэтых газет. Пісаў, што фактычна адсутнічаюць лісты, да бацькі ліст не прапусцілі, ён павінен быў паўторна пісаць.

Па словах Марыны Адамовіч, раней яна заклікала грамадзян, чыё права на ліставанне з Мікалаем Статкевічам былі парушаныя, скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў магілёўскай турмы. І гэты заклік меў наступствы. Падчас сустрэчы з адміністрацыяй турмы яна даведалася, што туды пачалі прыходзіць скаргі на парушэнне ліставання. Прадстаўнікі кіраўніцтва турмы паабяцалі жонцы палітыка разабрацца з гэтай праблемай.

Генадзь Барбарыч, Радыё Рацыя, Мінск.