Актуальна

Статкевіча зноў пакаралі арыштам за ўдзел у акцыі супраць вучэньняў «Захад-2017»

Мікалай Статкевіч асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў цэнтры Менску 8 верасьня супраць беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017». Такое рашэньне прыняў 26 верасьня суд Ленінскага раёну Менску.

Як паведаміў БелаПАН паплечнік Мікалая Статкевіча паэт Уладзімер Някляеў, які знаходзіўся на пасяджэньні суду, Статкевіча на працэс не прывезьлі.

Па словах Някляева, суд доўжыўся менш за паўгадзіны. Судзьдзя адзначыў, што абвінавачваны быў выкліканы ў суд позвай, але на разгляд справы не зьявіўся.

«Я ўстаў, спытаў, якім чынам ён можа прысутнічаць у судзе, паколькі усім вядома, што ён знаходзіцца ў ЦІП? Таксама я сказаў, што суд мог бы запатрабаваць прысутнасьці Статкевіча, аднак судзьдзя належным чынам не адрэагаваў на гэта», — сказаўНякляеў БелаПАН.

Мікалай Статкевіч цяпер адбывае 15-сутачны адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна за ўдзел у вулічнай акцыі ў Менску 3 ліпеня.

Акцыя 8 верасьня праводзілася на знак пратэсту супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017» і была прымеркаваная да Дня беларускай вайсковай славы, які апазыцыя адзначае 8 верасьня, у гадавіну гістарычнай бітвы пад Воршай. У дзень акцыі ніхто затрыманы ня быў, аднак пазьней за ўдзел у акцыі былі асуджаныя палітык Ўладзімер Някляеў і магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч. Някляеў адбыў 7 сутак арышту на Акрэсьціна, адкуль выйшаў 22 верасьня, Паўлінковіча пакаралі штрафам у 460 рублёў.

Радыё Свабода