Статкевічу не перадаюць віншавальныя паштоўкі
Да дня народзінаў палітвязень атрымаў ад адміністрацыі чарговае спагнанне.
Як паведаміла Свабодзе ягоная жонка Марына Адамовіч, адміністрацыя Магілёўскай турмы не перадае яе мужу шматлікія паштоўкі з волі.
«На сёньняшні дзень ён атрымаў некалькі віншавальных лістоў ад родных і дзьве паштоўкі не ад сваякоў. Адміністрацыя спрабуе стварыць у яго ўражаньне, што яго ўсе пакінулі. Хоць толькі праз сайт, які быў створаны эўрадэпутатам Марэкам Мігальскім, яшчэ 10 дзён таму было даслана каля 900 лістоў».
Паводле Марыны Адамовіч, у турме пачалася новая хваля ціску на Статкевіча: «Не пасьпелі зь яго зьняць статус злоснага парушальніка, яму тут жа вынесьлі чарговае спагнаньне. Да таго ж мне сталі вядомыя шматлікія сьвежыя факты неаказаньня яму мэдычнай дапамогі. Больш за тое, мяне турбуе ня толькі неаказаньне мэдычнай дапамогі, але і неабходнасьць гэтай дапамогі для вельмі здаровага, вельмі трэніраванага чалавека. З аднаго боку, адміністрацыя выяўляе пільную ўвагу да яго здароўя, а з другога — адсутнасьць рэакцыі на знойдзеныя праблемы».
Гэта ўжо трэці дзень нараджэньня, які апазыцыйны палітык адзначае за кратамі. Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, які дагэтуль застаецца ў зьняволеньні.
Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну, паводле адукацыі інжынэр-вайсковец, кандыдат тэхнічных навук. Палітык сацыял-дэмакратычнага крыла. Быў стваральнікам і кіраўніком «Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў».
Як і іншыя апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, быў арыштаваны ў дзень выбараў, асуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Спачатку адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17, аднак у студзені 2012 году ўмовы адбываньня пакараньня для яго зрабіліся больш жорсткімі, ён быў пераведзены ў магілёўскую турму № 4.
20 сьнежня 2011 году Мікалай Статкевіч заключыў у шклоўскай калёніі афіцыйны шлюб з Марынай Адамовіч, сваёй грамадзянскай жонкай.
25 ліпеня са Статкевіча зьнялі статус «злоснага парушальніка рэжыму», адзначыўшы, што ён «ня стаў на шлях выпраўленьня» — пра гэта палітзьняволены паведаміў у лісьце да жонкі. Статус «злоснага парушальніка» дае зьняволенаму права купляць тавары з уласных сродкаў ня больш як на адну базавую велічыню (100 тысяч рублёў) за месяц. Калі ж гэты статус здымаецца, сума ўзрастае да 2–5 базавых велічынь у залежнасьці ад рэжыму. Для Статкевіча яна павялічылася да 200 тысяч рублёў.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што ягоныя палітычныя апанэнты, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, могуць быць вызваленыя пры ўмове, што напішуць прашэньне аб памілаваньні. Паводле інфармацыі Марыны Адамовіч, яе мужу ня раз прапаноўвалі напісаць прашэньне. Пасьля адмоваў гэта зрабіць ціск на Статкевіча ўзмацняўся.
Падчас апошняга спатканьня з жонкай экс-кандыдат таксама пракамэнтаваў ініцыятыву грамадзкіх актывістаў з Бабруйску, якія заклікалі грамадзян адпраўляць палітзьняволеным лісты з прапановай напісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні. Паводле слоў Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч наконт гэтага заявіў: нават калі ўся дэмакратычная грамадзкасьць папросіць яго аб гэтым, ён на гэта ня пойдзе.