Статкевічу забаранілі доўгатэрміновае спатканьне
Палітвязьню Мікалаю Статкевічу забаранілі доўгатэрміновае спатканьне са сваякамі ў шклоўскай калёніі № 17. Пра гэта паведаміла яго жонка Марына Адамовіч.
Такое рашэньне прынялі пасьля складаньня двух рапартаў аб парушэньні правілаў унутранага распарадку ў першыя два дні знаходжаньня ў калёніі, куды Статкевіча перавялі 13 студзеня з магілёўскай турмы № 4.
Першы рапарт склалі за неўстаноўленую форму адзеньня — штаны, якія выдалі Статкевічу ў магілёўскай турме. Другі — у сувязі з тым, што за 15 хвілін да адбою яго не было на спальным месцы.
У траўні 2011 году суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў Статкевічу шэсьць гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Першапачаткова палітвязьня трымалі ў шклоўскай калёніі № 17. У студзені 2012 году ўмовы адбыцьця пакараньня яму зрабілі больш жорсткімі, перавёўшы на тры гады ў магілёўскую турму № 4. Гэты тэрмін скончыўся 12 студзеня 2015 году.
Адміністрацыя шклоўскай калёніі палічыла, што асуджаны палітык «ня стаў на шлях выпраўленьня», «да ўмоўна-датэрміновага вызваленьня не імкнецца» і пасьля адбыцьця пакараньня мае намер «весьці злачынны лад жыцьця». Паводле жонкі палітвязьня, фармальнай нагодай для гэтых абвінавачваньняў стала адсутнасьць на адзеньні Статкевіча біркі з нумарам зьняволенага, а таксама тое, што ён не пазначыў у сьпісе асабістых рэчаў насоўкі.