Суд над Лябедзькам за акцыю каля КДБ перанеслі на 20 лістапада
Суддзя суду Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня задаволіла хадайніцтва палітыка аб разглядзе справы ў іншы дзень, якое паступіла напярэдадні.
Запланаваны на сёння разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да старшыні Аб\’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі за ўдзел у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якая прайшла каля будынку КДБ у Менску 29 кастрычніка (арт. 23.34 КаАП – парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), перанесеная на 20 лістапада, піша БелаПАН.
Як патлумачыў Лябедзька, ён хадайнічаў аб пераносе пасяджэння, таму што быў запрошаны ў ліку іншых палітыкаў на сустрэчу з міністрам замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, што знаходзіцца ў Беларусі, раніцай 12 лістапада. Лідар АГП удакладніў, што сустрэча яшчэ доўжыцца.
Таксама ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы сёння разглядаюцца адміністрацыйныя справы ў дачыненні да лідара руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзіміра Някляева і актывіста кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага. Някляеў раней паведамляў, што ў дачыненні да яго застаюцца неразгледжанымі два адміністрацыйныя пратаколы – за ўдзел у «шэсці нацыянальнага сцяга» 10 кастрычніка і ў акцыі памяці ля сцен КДБ 29 кастрычніка. Аднак ісці ў суд палітык не збіраўся.