ГомельПалітвязні

Суд адкладзены на два тыдні

Закрыты працэс над групай палітвязьняў у складзе Статкевіча, Ціханоўскага, Лосіка, Цыгановіча, Папова, Сакава трывае ўжо пяты месяц.

Пра тое, што ў судзе абвешчаны перапынак, паведаміла ў сваім Фэйсбуку жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. Яна адзначыла, што па-ранейшаму адсутнічае афіцыйная інфармацыя з закрытай залі.

Пасьля спрэчак бакоў, якія пройдуць праз паўмесяца, будзе абвешчаны прысуд. Раней меркавалася, што прысуд у справе вынесуць 10 лістапада. Перад гэтым датай магчымага вынясеньня выраку называўся канец кастрычніка.

Раней жонка Міколы Статкевіча адзначала, што ейны муж ня мае за кратамі крыніц інфармацыі, нават афіцыйных. Да яго не даходзяць газэты, у камэры адсутнічаюць радыё і тэлевізар.

Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым ідзе ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскай турмы з 24 чэрвеня. Адвакаты далі падпіску аб невыдаваньні, таму пра акалічнасьці працэсу нічога не вядома.

Усім шасьці фігурантам справы пагражае да 12–15 гадоў пазбаўленьня волі. Ім інкрымінуюць «масавыя беспарадкі», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і іншыя цяжкія артыкулы Крымінальнага кодэксу. Усе фігуранты справы ўжо больш як год у СІЗА.

svaboda.org