Навіны

Суды над удзельнікамі «Чарнобыльскага шляху»

У судзе Савецкага раёну Менску адбыліся працэсы над 8 удзельнікамі «Чарнобыльскага шляху» і Аляксандрам Францкевічам.

Images: camera_01.png Юрыя Рубцова выводзяць з будынка суду
20:02 Юрыя Рубцова арыштавалі на 25 сутак.

Ён заявіў, што абвяшчае галадоўку.

Рубцову таксама пагражае крымінальная справа за зьнявагу судзьдзі.
 

Юрыя Рубцова выводзяць з будынка суду
 
19:42  На працэсе Рубцова сьведкай выступіла рэжысэрка і грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык. Яна бачыла, як Рубцова затрымлівалі на Валгаградзкай вуліцы.

Паводле міліцэйскага пратаколу яго затрымалі на вуліцы Сурганава ля рэстарацыі «Макдональдз».

Адвакат прывёз відэа з камэраў назіраньня «Макдональдса», зь якога вынікае, што нікога там не затрымлівалі.

Аднак судьдзя адмовіўся праглядаць відэа і дадаваць яго да матэрыялаў справы.

Міліцыянты кажуць, што Рубцова затрымлівалі бяз майкі, на якой напісана «Арыштуйце мяне — я супраць Лукашэнкі».

Судзьдзя цікавіўся ў Мікалайчык, ці была на Рубцову майка.

Мікалайчык засьведчыла ў судзе, што як толькі Рубцоў, Колас і Смоўж выйшлі з тралейбусу, на іх накінуліся людзі ў цывільным. Усіх траіх пасадзілі ў варанок, які перасьледваў тралейбус.


18:34  Пачаўся працэс над Рубцовым. Як той настойваў, у судовай залі. Але судзьдзя Кірыл Палулех нікога на паседжаньне не пусьціў. Фактычна разгляд справы адбываецца ў закрытым рэжыме.
 
18:13 Аляксандра Францкевіча арыштавалі на 25 сутак. 15 сутак яму далі за непадпарадкаваньне міліцыі і 10 — за нецэнзурную лаянку.

Супраць Францкевіча сьведчыў супрацоўнік спэцназу міліцыі Андрэй Кампаніец.

Кампаніец заявіў у судзе, што Францкевіч прыцягнуў увагу міліцыі — «стаяў, азіраўся, у яго бегалі вочы». Міліцыянты вырашылі праверыць дакумэнты, але Францкевіч ім у гэтым адмовіў.

Паводле Кампанійца, Францкевіч пагражаў міліцыянтам звальненьнем з МУС і «станавіўся ў баявую стойку».

У сваю чаргу, Францкевіч абверг паказаньні Кампанійца. Ён паведаміў, што 25 красавіка выйшаў з працы і накіроўваўся дамоў. У гэты момант яго затрымалі чацьвёра ў цывільным.

Францкевіч зьвязвае свой арышт зь візытам у Менск прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, а таксама з маючым адбыцца Чэмпіянатам сьвету па хакеі.

 
17:00 Залю, каб судзіць Рубцова, не знайшлі.

Аднак ён не пагадзіўся, каб ягоную справу разглядалі ў кабінэце судзьдзі Палулеха.

Рубцоў кажа, што хоча, каб на судзе прысутнічалі ўсе ахвотныя.

Судзьдзя загадаў складаць на Рубцова пратакол за непавагу да судзьдзі.


16:57 Леанід Смоўж арыштаваны на 20 сутак.

Калі ён праходзіў па калідору, сказаў: «За што?! Ганьба гэтаму суду!»

 
16:55 Судзьдзя Кірыл Палулех пачаў судзіць Юрыя Рубцова.

Рубцова прывялі на суд без кашулі, у адных штанах.

Рубцоў адмовіўся, каб ягоную справу разглядалі ў кабінэце судзьдзі, бо працэс адкрыты.

Судзьдзя спыніў разгляд справы. Шукаюць залю.

 
16:35  Аляксандар Стукін арыштаваны на 20 сутак.
 
16:32 Мікалай Колас арыштаваны на 15 сутак.

 
15:33  Валер Тамілін асуджаны 20 сутак арышту. Судзьдзя Марына Фёдарава.

14:57  Прадпрымальнік Мікола Колас з Дзяржынскага раёну заявіў у судзе, што пратакол на яго скла далі пад катаваньнем, што яму не далі магчымасьці пазваніць дамоў, каб паведаміць, што ён затрыманы.

 
Колас запатрабаваў адваката.
 
Коласа судзіць Кірыл Палулех.
 

14:53  Былога актывіста «Маладога фронту» Дзяніса Карнова арыштавалі на 20 сутак. Яго таксама абвінавацілі ў хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Ён кажа, што яго затрымалі на вуліцы Багдановіча, дзе ён апынуўся выпадкова.
 
14:42  Як паведаміў Леанід Смоўж, міліцыянты зьнялі з Юрыя Рубцовамайку адразу пасьля затрыманьня і ўсю ноч трымалі яго без майкі ў холадзе ў камэры.

 
14:33  Уладзімер Новікаў, грамадзянін Расеі, асуджаны на 15 сутак арышту за непадпарадкаваньне міліцыі і хуліганства.


14:28  Частку затрыманых судзіць судзьдзя Кірыл Полулех.

 
14:27У суд прывезьлі Юрыя Рубцова, аголенага па пояс. Зь яго зьнялі майку і ён выйшаў з міліцэйскай машыны ў адных нагавіцах. Таксама ў суд дастаўленыя Аляксандар Францкевіч і яшчэ адзін удзельнік шэсьця.

 
13:41 У судзе абвешчаны перапынак, прысутным сказалі пакінуць памяшканьне. Францкевіча і Рубцова пакуль у суд не прывезьлі.

 
13:40Сьведка Вольга Мікалайчык кажа, што яна ехала ў тралейбусе з Рубцовым і Коласам. Зь імі селі ў тралейбус шасьцёра «брытагаловых», якія накінуліся і жорстка пагрузілі Рубцова і Коласа ў міліцэйскі аўтамабіль.
 
13:30Судзьдзя Фёдарава разглядае адміністратыўныя пратаколы (артыкул 17.1 — дробнае хуліганства і 23.34 — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) на Дзяніса Карнова. Супрацоўнікі міліцыі кажуць, што Карноў лаяўся, упіраўся і не хацеў ісьці ў міліцэйскі аўтамабіль. Справу Леаніда Смаўжа разглядае судзьдзя Лаўкова. У судзе і сябра Леаніда Смаўжа — Мікалай Колас. Пры затрыманьні яго зьбівалі ў мікрааўтобусе. Скардзіцца, што анямела рука, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
 
13:16  Пачаўся працэс над Леанідам Смоўжам. Судзьдзя Лаўкова.

13:15  Затрыманы Леанід Смоўж паведаміў , што ягонага сябру Мікалая Коласа моцна зьбілі ў міліцэйскім аўтамабілі.

Радыё Свабода