Супрацоўнікі пасольства ў Празе забарыкадаваліся
16 лютага 2013 года каля Амбасады Беларусі ў Празе адбылася акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі.
Паўтара дзясятка ўдзельнікаў трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, плякаты і партрэты палітвязьняў, паведамляе “Радыё Свабода“.
Удзельнікі акцыі пры дапамозе мэгафона зьвярнуліся да супрацоўнікаў пасольства з патрабаваньнем вызваленьня ўсіх палітвязьняў і назвалі іх пайменна. Супрацоўнікі амбасады пікет праігнаравалі.
У дзень акцыі супрацоўнікі пасольства перагарадзілі будынак мэталічнай агароджай і выклікалі узмоцненыя сілы паліцыі з сабакамі.
Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік Асацыяцыі за мадэрнізацыю Аляксей Францкевіч, хоць супрацоўнікі пасольства забарыкадаваліся, але паліцыянты ставіліся да ўдзельнікаў з разуменьнем і выказвалі словы падтрымкі:
«У якасьці падзякі мы падарылі супрацоўнікам паліцыі сувэніры — грошы апошняй дыктатуры Эўропы».
Акцыю падтрымалі прадстаўнікі Украіны, якія таксама зьвярнуліся да ўладаў Беларусі з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў.