Беларускі Нацыянальны Кангрэс

Свабода Беларусі каштуе нашых высілкаў дзеля барацьбы за яе. Заява Рады БНК

ЗАЯВА 

РАДЫ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА КАНГРЭСУ

Рэжым, які ўжо амаль чвэрць стагоддзя незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, доўжыць ціск на грамадства, працягвае рэпрэсіі ў адносінах актывістаў дэмакратычнай апазіцыі. У чарговы раз арыштаваны адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч.

Арышт Статкевіча наўпрост звязаны з акцыяй «За мірную Беларусь!», на якую Беларускі нацыянальны кангрэс заклікае грамадзян 8 верасня а 19.00 на Кастрычніцкую плошчу Мінска, каб патрабаваць ад уладаў выканання артыкула 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўным нейтралітэце.

Арышт Статкевіча – спроба рэжыму сарваць акцыю пратэсту супраць уцягвання Беларусі ў ваенна-палітычныя блокі, супраць антынацыянальнай унутранай і знешняй палітыкі. Мэтай збіць хвалю народных пратэстаў абумоўлены таксама палітычны пераслед сябра рады БНК, лідара незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, сябра РЭП Ігара Комліка. 

Мы не мусім паддавацца ціску рэжыму, у якога няма ніякіх іншых спосабаў і сродкаў для ўтрымання ўлады, апроч рэпрэсій. Свабода Беларусі каштуе нашых высілкаў дзеля барацьбы за яе.

Патрабуючы неадкладнага вызвалення, спынення палітычнага пераследу нашых таварышаў, мы лічым справай гонару правесці 8 верасня акцыю «За мірную Беларусь!», у падрыхтоўцы якой яны прымалі ўдзел. Цяпер гэта не толькі акцыя пратэсту, але і акцыя салідарнасці з усімі, хто так ці інакш пацярпеў ад несправядлівасці, беззаконня, ад рэпрэсій. 

Патрыётаў Беларусі ў гэты дзень, у Дзень беларускай вайсковай славы мы заклікаем прысягнуць на вернасць Айчыне. Вось тэкст прысягі:

Я… перад Богам і Беларуссю:

клянуся змагацца за свабоду і незалежнасць маёй краіны;

клянуся берагчы Беларусь у сэрцы маім, бараніць яе ад любога, адкуль бы ён ні прыйшоў, ворага;

клянуся быць верным Беларусі і ніколі не здрадзіць маім сябрам, якія змагаюцца за вольную Айчыну.

Жыве Беларусь!

Усіх, для каго гэтая словы не пусты гук, у каго Беларусь у сэрцы, чакаем 8 верасня а 19.00 на Кастрычніцкай плошчы сталіцы нашай краіны.

Уладу – народу!