СВАБОДУ ЦІХАНОЎСКАМУ! СВАБОДУ ПЯТРУХІНУ!
6 мая спецслужбы затрымалі вядомых у Беларусі блогераў – Сяргея Ціханоўскага, які вядзе блог “Страна для жизни”, і “Народнага рэпарцёра” Сяргея Пятрухіна. Дзясяткі людзей, абураных затрыманнямі, пачалі збірацца на вуліцах у некалькіх гарадах. У Менску ля гандлёвага цэнтра “Міля” АМАП затрымаў 19 чалавек, якія хацелі выказаць салідарнасць з блогерамі. Людзей да ночы трымалі ў пастарунку, а затым на іх аформілі пратаколы, якія прадугледжваюць велізарны штраф альбо арышт да 15 сутак.
7 мая ў Гомелі незаконна і груба затрымалі яшчэ каля 20 пратэстоўцаў, уключна з незалежнымі журналістамі.
Сяргей Ціханоўскі і Сяргей Пятрухін кажуць людзям Беларусі праўду пра “дасягненні” рэжыма Лукашэнкі за 26 гадоў і пра злачынствы, якія творыць дыктатура падчас пандэміі каронавіруса. Беспадстаўнае затрыманне беларускіх блогераў – спроба запалохаць людзей і заткнуць рот тым, хто не баіцца адкрыта казаць праўду.
Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага, Сяргея Пятрухіна і спынення пераследу іх прыхільнікаў ды падпісчыкаў.
Мы заклікаем да салідарнасці з усімі беларускімі блогерамі і журналістамі, якія ў час пандэміі інфармуюць грамадства пра рэальныя падзеі, ускрываюць фальсіфікацыі рэжыму і даносяць да людзей праўду.
СПЫНІЦЬ ПЕРАСЛЕД ЗА ПРАЎДУ!
Яўген Афнагель
Уладзімер Някляеў
Павел Севярынец
Мікалай Статкевіч