Свабоду Мікалаю Статкевічу! Жодзінскія праваабаронцы падалі заяўку на пікет у падтрымку палітвязьняў
18 ліпеня, заяўку на правядзеньне пікету ў падтрымку палітычных зьняволеных у Жодзінскі гарвыканкам падалі Сьвятлана Лапіцкая й Аляксей Лапіцкі.
У заяўцы праваабаронцы просяць даць дазвол на правядзенне пікету 4 жніўня ў цэнтры горада, ля ўваходу ў Гарадзкі парк культуры й адпачынку насупраць крамы Эўрасеткі, з 16-00 да 17-30.
Падчас пікету праваабаронцы плянуюць прыцягнуць увагу грамадзянаў да праблемы наяўнасьці палітвязьняў у краіне, распаўсюджваючы адпаведныя выданьні й матэрыялы. Мэты пікетаваньня – патрабаваньне вызваленьня Міколы Статкевіча й іншых беларускіх палітычных зьняволеных, а таксама выказваньне салідарнасьці з Украінай і супраць расейскай вайсковай інтэрвэнцыі. Нагадаем, 26 траўня 2011 году былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікола Статкевіч пасьля разгону сілавікамі грамадзянскага пратэсту на Плошчы супраць фальсыфікацыі выбараў у 2010 годзе быў арыштаваны й асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
P.S. 4 жніўня 2011 года быў арыштаваны старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі. Палітвязень правёў за кратамі амаль тры гады: 21 чэрвеня 2014 года ён быў вызвалены па амністыі. Цяпер Алесь Бяляцкі на волі, а дзень 4 жніўня адзначаецца грамадзкасьцю як Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.
Аб гэтым паведамляе Беларускі Праўны Партал