Навіны

Сваякі выкрадзеных беларусаў звярнуліся да кіраўніка МЗС Латвіі

Эдгарса Рынкевічса просяць падняць пытанне пра палітвязняў падчас ягонага візіту ў Менск.

Пра гэта гаворыцца ў звароце сваякоў зніклых беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў да кіраўніка МЗС Латвіі, атрыманым рэдакцыяй charter97.org.

«Мы хацелі б падзякаваць урад Латвіі і вас асабіста за шматгадовую падтрымку дэмакратычнага руху ў Беларусі,– гаворыцца ў лісце, падпісаным Ірынай Красоўскай і Валерыяй Красоўскай – удавой і дачкой бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, Святланай Завадскай і Вольгай Завадскай – удавой і маці журналіста Дзмітрыя Завадскага і Ульянай Захаранкай – маці былога кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі. – Ведаючы, што вы прыязджаеце ў Менск з візітам, хацелася б нагадаць аб пастаянным парушэнні правоў чалавека на тэрыторыі Беларусі. Вось ужо цягам многіх гадоў вызваленне палітычных зняволеных і арганізацыя дзейсных метадаў расследавання ў пошуку зніклых палітыкаў з\’яўляюцца ключавымі ўмовамі для наладжвання стасункаў паміж Еўрапейскім Звязам і Рэспублікай Беларусь.

Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе зніклі чатыры вядомыя палітыкі і актывісті: былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка, віцэ-спікер парламента Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, які фінансаваў апазіцыю, і журналіст Зміцер Завадскі.

У рэзалюцыі №1371 «Аб зніклых у Беларусі», заснаванай на праведзенай працы чальца Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса, гаворыцца:

«Кампетэнтныя органы беларускага ўрада так і не правялі належнае расследаванне ў сувязі са знікненнем людзей. Зрэшты, сабраная дакладчыкам інфармацыя дазваляе сцвярджаць, што на самым высокім дзяржаўным узроўні прымаюцца крокі ўтойвання сапраўдных абставінаў знікнення. Атрыманая інфармацыя таксама дае права падазраваць высокапастаўленых чыноўнікаў у іх асабістай уцягнутасці ў гэтыя злачынствы. Цяжка паверыць, што ўсё вышэйпададзенае было зроблена без ведама прэзідэнта».

Аўтары звароту нагадваюць, што ў 2004 годзе чатыром высокапастаўленым чыноўнікам, якіх падазраюць у арганізацыі знікнення палітычных канкурэнтаў і згаданых у гэтым дакладзе, быў забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу, Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады. У 2006 годзе да іх далучыўся і Лукашэнка.

«Урад Беларусі працягвае ігнараваць выкладзеныя патрабаванні ў пошуку зніклых, нягледзячы на шматлікія рэзалюцыі такіх міжнародных арганізацый як Камітэт у правах чалавека Арганізацыі Аб\’яднаных Нацый, Працоўная група ААН у гвалтоўных або недабраахвотных знікненнях, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы, Арганізацыя ў бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, Міжпарламенцкі звяз, – адзначаюць сваякі выкрадзеных беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, – спадар міністр, падчас вашага візіту ў Менск, мы хацелі б папрасіць вас падняць пытанне аб выкананні патрабаванняў, вызначаных Камітэтам ААН у правах чалавека і іншымі арганізацыямі, у расследаванні пра палітычныя знікненні ў Беларусі, а таксама пытанне аб вызваленні палітычных зняволеных.

Таксама хацелася б папрасіць урад Латвіі, які старшынюе ў Радзе Еўрапейскага Звязу, нагадаць беларускім уладам, што захаванне правоў чалавека – абавязковая ўмова для нармалізацыі стасункаў з ЕЗ і з астатнім дэмакратычным светам. Без усталявання справядлівасці ў дачыненні да палітычных зняволеных і ўжо зніклых людзей, у Беларусі не можа быць свабоднай і незалежнай будучыні».

Хартыя\’97