Сябры Мікалая Дземідзенкі не выключаюць, што ён прэвэнтыўна затрыманы
Працяглы час няма сувязі з адным зь лідэраў «Маладога фронту» Мікалаем Дземідзенкам, які напярэдадні выказваў апасеньні, што яго хочуць прэвэнтыўна арыштаваць перад чэмпіянатам сьвету па хакеі. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла актывістка Наста Дашкевіч.
«Ён патэлефанаваў аднаму з нашых калег і сказаў, што яго зьбіраюцца затрымліваць. Мусіў адзваніцца, калі ўдасца гэтага пазьбегнуць. Але зараз не магу зь ім зьвязацца, і ён ніяк не выходзіць на сувязь. Таму не выключаем, што яго ўсё ж прэвэнтыўна „забралі“ перад чэмпіянатам».
Паводле Насты Дашкевіч, зараз маладафронтаўцы правяраюць месцазнаходжаньне яшчэ некалькі сваіх калегаў, якія таксама чамусьці аказаліся «недасяжнымі».
Больш за тыдзень у ізалятары на Акрэсьціна знаходзіцца сустаршыня «Маладога фронту», былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, якога арыштавалі на 25 сутак нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі й парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду. На волю Дашкевіч мусіць выйсьці 19 траўня.